Юлія Несцярэнка афіцыйна завяршыла спартыўную кар'еру

31 мая 2017

Алімпійская чэмпіёнка Афін у бегу на сто метраў Юлія Несцярэнка афіцыйна завяршыла спартыўную кар'еру. Сёння ў Брэсце падчас Кубка Беларусі адбыліся сімвалічныя праводзіны "белай маланкі". Юлія Несцярэнка прабегла стометроўку з юнымі спартсменкамі, для якіх усё толькі пачынаецца. Ёй апладзіравалі трыбуны. А ў неба ў знак развітання Юлія выпусціла паветраныя шары са шчаслівым нумарам 1187, пад якім і бегла ў 2004 годзе ў Грэцыі. Як прызналася сама ўладальніца алімпійскага золата, яна не ідзе са спорту і працягне працаваць, але ўжо ў якасці трэнера.

Нагадаем, Юлія Несцярэнка стала сапраўднай сенсацыяй Алімпіяды ў Афінах. "Белая маланка" здзейсніла тое, што не атрымлівалася ніводнаму еўрапейцу. Бо традыцыйна ўзнагароды ў бегу на сто метраў даставаліся цемнаскурым спартсменам.