XVI Калядны турнір сярод аматараў хакея стартаваў у Мінску

3 января 2020
У Мінску літаральна дзве гадзіны  таму стартаваў Калядны турнір сярод аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі. Ён шаснаццаты па ліку. І леташні рэкорд па колькасці ўдзельнікаў  паўторны: заяўлены 12  каманд. Па добрай традыцыі турнір пройдзе на дзвюх лядовых пляцоўках "Чыжоўка-Арэны". Наперадзе чатыры з паловай гульнявыя дні. Вядома ж, пільна сочым за нашай зборнай, якая згуляе сёння ўвечары. Аднак з цікавасцю будзем назіраць і за тым, як выступаюць іншыя дружыны. 

У спарткомплексе ўжо дзяжурыць наша здымачная група. На прамой сувязі са студыяй  Крысціна Камыш.

12 каманд, 4 групы, 5 гульнявых дзён і 20 матчаў. Асабіста мяне як аматара гэтага віду спорту такая хакейная перспектыва радуе. Праверыла склады ўсіх зборных. Тут, праўда, ёсць на каго паглядзець.

Але пра  гэта крыху пазней. А пакуль да вынікаў. Першымі на лёд вялікай "Чыжоўка-Арэны" выйшлі зборныя Украіны і Швейцарыі. Гэта група С. "Крыжаносцы" выступаюць на турніры ўжо трынаццаты раз. Што ж, вопыт не дапамог. Украіна перамагла. Выніковы лік - 4-1.

На малым лёдзе "Чыжоўка-Арэны", дзе мы зараз знаходзімся, сустракаюцца каманды Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў і Кітая. Гэта група B. У гэтыя хвіліны ідзе трэці перыяд. Лік на табло пакуль 14-3.

Ну а зараз пра саставы каманд. Выступяць на XVI Калядным турніры і людзі і з алімпійскім мінулым, і прызёры чэмпіянатаў свету, і былыя гульцы НХЛ. Традыцыйна моцная Расія, Фінляндыя і Германія. Але  назаву самай складанай групу A. У яе трапілі Беларусь, ЗША і каманда Міжнароднай федэрацыі хакея. Зразумела, што арганізацыя пастаралася сабраць наймацнейшых.

Упершыню ў турніры возьме  ўдзел зборная ЗША

Галоўнае адрозненне цяперашняга турніру  - тое, што ўпершыню ў гісторыі тут будзе спаборнічаць зборная ЗША. І, вядома ж, былыя гульцы НХЛ у складзе каманды ёсць. Напрыклад, цэнтральны нападаючы  Джым Слейтэр, які выступаў за "Вініпег Джэтс". Амерыканцы прыляцелі напярэдадні. 

Цырымонія адкрыцця Каляднага турніру ў 17:30

Цырымонія адкрыцця адбудзецца ў 17:30. Пасля запланаваны два матчы. Беларусь выступіць супраць каманды Міжнароднай федэрацыі хакея. Стартавае ўкідванне а 19-й гадзіне. А Германія праэкзаменуе зборную Балтыі. Пачатак у 19:30. Прамыя трансляцыя на тэлеканале "Беларусь 5. Інтэрнэт".