Вышэйшую ўзнагароду на юніёрскім чэмпіянаце свету па канькабежным спорце ў Кітаі прынёс Беларусі Ігнат Галавацюк

11 марта 2016

А гэта ўжо прызнанне дасягненняў беларусаў на сусветным узроўні. Вышэйшую ўзнагароду на юніёрскім чэмпіянаце свету па канькабежным спорце ў Кітаі прынёс Беларусі Ігнат Галавацюк.

Ён выйграў на дыстанцыі 500 метраў і ўсталяваў новы рэкорд краіны. З бліскучай перамогай Ігната Галавацюка павіншаваў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. "Табе пакарылася важная для нашай краіны вяршыня. Бо гэты медаль і апошнія вынікі юніёрскай каманды даюць балельшчыкам надзею на адраджэнне ў Беларусі слаўных традыцый канькабежнага спорту", - гаворыцца ў віншаванні. Аляксандр Лукашэнка выказаў падзяку трэнерам і членам каманды, а таксама пажадаў усім моцнага здароўя, шчасця і бліскучых перамог на лядовых дарожках свету.

Адзначым, тыдзень таму Ігнат Галавацюк стаў сярэбраным прызёрам на юніёрскім этапе Кубка свету, які таксама праходзіў у Кітаі. Поспех у беларускім канькабежным спорце чакалі з часоў знакамітага Ігара Жалязоўскага. Упершыню яго дабіўся выхаванец "Мінск-Арэны". Спартыўныя функцыянеры ўжо паспяшаліся заявіць, што Ігнат - гэта толькі першая ластаўка. Андрэй Казлоў тлумачыць, чаму менавіта зараз беларускі спартсмен стаў уладальнікам залатога медаля.

Прафайл Ігната Галавацюка на канале ў папулярным Youtube даволі займальны. Калі нават хтосьці ставіўся да канькабежнага спорту скептычна, то пасля прагляду некаторых відэанарэзак сваё меркаванне памяняе.

Але пры гэтым спорт перш за ўсё. Сваёй творчасцю і крэатыўнасцю Ігнат Галавацюк толькі ўпрыгожвае свае дасягненні. А яны ёсць і ўжо даволі высокія.

На юніёрскім чэмпіянаце свету, які праходзіць у кітайскім Чангчуне, Ігнат выйграў залатыя медалі, паўтарыўшы такім чынам поспех знакамітага беларускага канькабежца Ігара Жалязоўскага. Прычым Ігнат усталяваў новы рэкорд Беларусі на спрынтарскай дыстанцыі 500 метраў, дарэчы, ранейшы рэкорд належаў таксама яму. І гэта сярод дарослых спартсменаў.

Аляксандр Наваковіч, дырэктар Гарадскога цэнтра алімпійскага рэзерву па лядовых відах спорту: "Сённяшні поспех - гэта адносны фурор. Усе чакалі, што ён будзе змагацца за медалі, але што ён так упэўнена выйграе - не разлічвалі. Гэта выхаванец "Мінск-Арэны", ён тут працуе з першага дня".

Менавіта тут, на канькабежным авале "Мінск-Арэны", Ігнат прайшоў свае галоўныя этапы падрыхтоўкі. Дзякуючы ўвядзенню ў строй аб'екта, спад, які здарыўся ў гэтым відзе спорту ў нашай краіне, ужо ў мінулым.

Дырэктар Гарадскога цэнтра алімпійскага рэзерву па лядовых відах спорту Аляксандр Наваковіч распавядае, што юніёрскае золата, па-першае, чаканае, а, па-другое, толькі пачатак. Пачатак не толькі для самога Ігната Галавацюка, але і для ўсяго беларускага канькабежнага спорту. Увод у эксплуатацыю канькабежнага авала дае першы плён.

Поспех на юніёрскім узроўні - гэта адно. На пераходным этапе ў дарослы спорт шматлікія спартсмены губляюцца і не могуць раскрыцца ў будучыні.

У адным з ролікаў Ігната можна ўбачыць, колькі працы ўкладваюць беларускія канькабежцы. І гэта праца, што самае важнае, ужо прыносіць плён.