Сустракалі іх па-сапраўднаму трыумфальна

24 февраля 2014

Самая паспяховая для нашай краіны Алімпіяда - 5 залатых і 1 бронзавы медалі. У выніку 8-е месца сярод краін, што прымалі ўдзел у Гульнях у Сочы. Годны вынік, за якім стаіць вялізная і карпатлівая праца цэлай каманды: прадукцыйнаяя і стратэгічна дакладная праца беларускіх трэнераў, неверагодныя намаганні і штодзённыя трэніроўкі нашых спартсменаў, і вядома, дзяржаўная падтрымка. Бо поспех любой дзяржавы - менавіта ў здаровай нацыі. Такія трыумфы - доўгачаканы адказ на намаганні і ўкладзеныя сродкі дзяржавы ў чаканні высокіх дасягненняў.


І сёння борт № 1 па даручэнні беларускага лідара даставіў нашых чэмпіёнаў на Радзіму. Сустракалі іх па-сапраўднаму трыумфальна. Прадстаўнікі спартыўных федэрацый, сваякі і сябры, а таксама балельшчыкі з усёй краіны.


Усе падрабязнасці ў рэпартажы Сяргея Гусачэнкі.


Яшчэ ўчора мы назіралі за маляўнічай цырымоніяй закрыцця зімовых Алімпійскіх гульняў, а сёння з Сочы ў Мінск вяртаюцца тыя, за каго мы так перажывалі ля экранаў гэтыя некалькі лютаўскіх тыдняў. Вяртаюцца трыумфальна, з небывалым медальным актывам: 5 залатых і 1 бронзавы - гэтыя самыя цяжкія па вазе і не толькі ўзнагароды здабытыя ў барацьбе з лепшымі алімпійцамі планеты.


Канкурэнцыя ў спорце з кожным годам толькі павялічваецца. І радуе, што ў медальным заліку сярод амаль сотні краін Беларусь у першым дзясятку. Выдатнае выступленне дазволіла палепшыць нацыянальны алімпійскі рэкорд адразу ў некалькі разоў. Відавочны вынік карпатлівай працы як дзяржавы, якая сур'ёзна падтрымлівае спорт, так і саміх алімпійцаў.


Эпітэты да выступлення нашай каманды можна падбіраць доўга. Аб Беларусі і беларускіх спартсменах даведаліся больш на розных кантынентах. Ніколі раней гімн нашай краіны так часта не гучаў на белых Гульнях. Нацыянальны алімпійскі рэкорд перавышаны ў некалькі разоў, бо ўсяго чатыры гады таму Беларусь заваявала першае ў гісторыі золата на зімовых Гульнях.


Самалёт прыбыў у аэрапорт з двухгадзіннай затрымкай - з Сочы было складана вылецець з-за таману і вялікай колькасці лайнераў алімпійскіх дэлегацый. Але тым мацней чакалі трыумфатараў на Радзіме. Упершыню ў гісторыі суверэннай Беларусі алімпійцаў ушаноўваюць на такім высокім узроўні. Кіраўнік дзяржавы аддаў распараджэнне адправіць прэзідэнцкі самалёт, каб прывезці беларускую каманду, а каля трапа ў Мінску - чырвоная дывановая дарожка і рота ганаровай варты.


З усмешкай на тварах яны спускаюцца на родную зямлю. Тут сустракаюць кветкамі і хлебам-соллю. Ваенны аркестр выконвае марш Героям спорту. Назва больш чым прыдатная і не проста набор гучных слоў. Выступленне беларусаў у Сочы падарыла ўсім масу станоўчых эмоцый: гонар за краіну і гонар за спартсменаў.


Ва ўрадавай зале нацыянальнага аэрапорта алімпійцаў сустракалі самыя блізкія людзі на планеце - бацькі і сваякі чэмпіёнаў. Самая вялікая група падтрымкі прыехала сустракаць уладальніцу залатога медаля ў фрыстайле, удзельніцу 5 Алімпійскіх гульняў запар Алу Цупер.


Маці Надзеі Скардзіны прызналася, калі б не пераезд у Беларусь Надзі ў свой час, сёння аб медалі гаварыць не давялося б.


Найцяжэй сёння было Дар'і Домрачавай - кветак было вельмі шмат. Яно і зразумела, бо трохразовых алімпійскіх чэмпіёнаў у Беларусі дагэтуль не было.


Журналістам чэмпіёны ўдзялілі трохі часу. Своеасаблівы брыфінг працягваўся літаральна пяць хвілін, але ў першую чаргу не адзначыць сваё захапленне ад такога прыёму алімпійцы проста не маглі.


Кветкі, плакаты, флагі - тыя, хто на працягу 17 лютаўскіх дзён перажываў за алімпійцаў, прыйшлі асабіста выказаць сваё захапленне небывалым поспехам беларускага спорту. У фан-зоне - сотні людзей, якія авацыямі вітаюць з'яўленне спартсменаў.


Фатаграфіі ад фармату А4 да расцяжак, флагі, біпы з нумарам, якія дасталіся ў падарунак ад Дашы, шыкоўныя букеты кветак і нават партрэт трохразовай алімпійскай чэмпіёнкі, выкананы алоўкам. Да сустрэчы з трыумфатарамі Гульняў у Сочы балельшчыкі рыхтаваліся доўга і дэталёва. У аэрапорт іх прыехала каля 200. Акупавалі не толькі пляцоўку каля выхаду з будынка, але і эстакаду. Прыхільнікі фрыстайлу - бярыце вышэй - з флагам у падтрымку Алы Цупер узлезлі на самы верх.


З аэрапорта героі Алімпіяды і трэнеры адправіліся ў горад па святочнай трасе, якую ўпрыгожылі флагамі і бігбордамі з выявай сочынскіх медалістаў.


Аўтобус з алімпійцамі прыбывае на плошчу Перамогі, дзе спартсмены ўскладаюць кветкі да абеліска.


А пасля накіроўваецца ў Нацыянальны алімпійскі камітэт, дзе каманду чакаюць прывітанні спартыўных функцыянераў і спартыўнай грамадскасці. Заўтра ўшаноўваць пераможцаў і прызёраў Алімпіяды, а таксама трэнерскі склад нашай каманды будуць у Палацы Незалежнасці - спартсменаў прыме ў сябе Кіраўнік дзяржавы. Мы бачылі, што Прэзідэнт лятаў у Сочы не толькі на цырымонію адкрыцця, але таксама падтрымліваў і натхняў нашых спартсменаў, наведваў трэніроўкі і адным з першых віншаваў з алімпійскімі перамогамі. Так што, як мяркуецца, цырымонія будзе як урачыстай, так эмацыянальнай і шчырай.


5 залатых медалёў - доўгачаканы адказ спартсменаў на затрачаныя намаганні і ўкладзеныя сродкі дзяржавы ў чаканні высокіх дасягненняў. Вынік, які будзе няпроста паўтарыць, але да якога, відавочна, варта імкнуцца.


Алімпіяду ў Сочы можна ў нейкім сэнсе назваць і беларускай. Такога ад нашых спартсменаў ніхто не чакаў, а таму гутаркі аб трыумфальным беларускім поспеху ў Сочы не сціхалі. Нашых спартсменаў віншавалі і праводзілі ў аэрапорт. Беларусы паляцелі дадому, але тут іх запомняць надоўга. Стомленыя, але шчаслівыя, яны нават перад адлётам фатаграфаваліся і раздавалі аўтографы.


XXII зімовыя Алімпійскія гульні ў Сочы - ужо гісторыя. Напярэдадні на стадыёне Фішт пагасілі алімпійскі агонь. Арганізатарам удалося звязаць у адным вялікім шоу рускую класіку - музычную і літаратурную, - сучасную музыку і спецэфекты, настальгію па ласкавым Мішку і самаіронію са сняжынкай, якая не раскрылася. Не абышлося і без парада спартсменаў. Флаг Беларусі несла трохразовая алімпійская чэмпіёнка, Герай Беларусі Дар'я Домрачава. Завяршылася дзейства грандыёзным феерверкам.