Паўтысячы ўдзельнікаў аб'яднала "Усебеларуская студэнцкая лыжня"

16 февраля 2019

Да марафону лютаўскіх стартаў далучыліся і беларускія студэнты. Паўсотні ВНУ, паўтысячы ўдзельнікаў і ў тры разы больш балельшчыкаў аб'яднала "Усебеларуская студэнцкая лыжня". Яркае спартыўнае свята прайшло сёння ў сталічным мікрараёне Вяснянка ў новым фармаце. Зрэшты, гэта толькі ўзмацніла спаборніцкі дух. У біятлоннай і лыжнай эстафетах прынялі ўдзел студэнцкія каманды, а да лыжных мас-стартаў далучыліся выкладчыкі і кіраўніцтва ВНУ. Пра спорт, які аб'ядноўвае, - Мікіта Дзяменцьеў.

Гэта ва ўніверсітэтах яны прытрымліваюцца строгай субардынацыі студэнт - выкладчык. На лыжні ўсе роўныя. Бо перад стартам важны камандны дух. "Студэнцкая лыжня" - гэта як раз той выпадак, калі перад стартам студэнт можа даць слушную параду самому рэктару ў тактыцы вядзення каманднай эстафеты.

Сёлета "Усебеларуская студэнцкая лыжн" праходзіць у новым фармаце. Праграму спаборніцтваў разбілі на тры этапы, і калі ў біятлоннай і лыжнай эстафетах спаборнічаюць толькі студэнты, то да мас-стартаў далучыліся выкладчыкі і кіраўнікі альма-матар. Усяго ў свяце прынялі ўдзел прадстаўнікі больш як паўсотні ВНУ.

Незаўважаным прайсці дыстанцыю не атрымалася ні аднаму ўдзельніку. Пакуль спартсмены вызначаюць, хто ж будзе першы сярод іх на лыжнай трасе, сярод балельшчыкаў арганізаваліся свае ўласныя маленькія спаборніцтвы. Галоўныя ўмовы - гучна, шумна і арыгінальна падтрымліваць сваю каманду.

Першакурсніца з універсітэта фізкультуры Наталля Карніцкая лыжамі займаецца сем гадоў. Прызнаецца, за гэты сезон паспела пабываць у прызах і на міжнародных спаборніцтвах. А вось чаму шчыра радуецца - высокаму ўзроўню арганізацыі спаборніцтваў.

Спорт не толькі ўмацоўвае здароўе, але і аб'ядноўвае нацыю, робіць кожнага з нас мацнейшым, - на асабістым прыкладзе гэта дэманструе і Кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт разам з тысячамі беларусаў бег на лыжах у мінулыя выхадныя на "Мінскай лыжні".

А на студэнцкай прадстаўнікі самай спартыўнай ВНУ краіны яшчэ да пачатку лічыліся фаварытамі гонак. Што і пацвердзілі. Золата ў БДУФК, серабро адправілася ў Віцебскі ўніверсітэт імя Машэрава. Бронза ў сталічнага педунівера. На "Студэнцкай лыжні" няма пераможаных. Нягледзячы на тое што ўдзельнікаў 500, а прызавых месцаў усяго тры, кожны з іх атрымае памятны медаль. Сёння спорт, мабыць, лепшы сродак для таго, каб аб'яднаць людзей не толькі з розных ВНУ, але і краін. Ды і наогул, быць удзельнікам такіх спаборніцтваў - ужо немаленькая перамога.