Усё больш мінчан захапляюцца гульнёй у амерыканскі футбол

19 июля 2016

Гэты спорт вельмі аддалена падобны на еўрапейскі. Дзве каманды прабіваюцца з мячом у вызначаную зону, для чаго трэба абхітрыць абарону сапернікаў. Пры неабходнасці спартсмены жорстка блакіруюць адзін аднаго. У сталіцы падрыхтоўкай пачаткоўцаў займаюцца дзве аматарскія каманды - «Ліцвіны» і «Мінскія зубры». На трэніроўках адпрацоўваць элементы вольнай барацьбы, лёгкай атлетыкі і веславання. Як рыхтуюць спартсменаў-універсалаў, раскажа Ян Пашкевіч.

Дзмітрый Каліта - студэнт медыцынскага універсітэта - рыхтуецца праз год атрымаць дыплом. Будучы ўрач амаль кожны вечар ахвотна апранае поліўрэтанавыя даспехі і вядзе сваю каманду да спартыўных перамог. Дзмітрый гуляе ў амерыканскі футбол, займае пазіцыю квотэрбэка і «дырыжыруе» атакамі.

Праграмісты, менеджары, будаўнікі – сярод амаль паўсотні гульцоў у клубе няма прафесійных спартсменаў. Але ж падчас трэніроўкі гэта не апраўданне – сілавыя і гульнявыя заняткі ладзяць амаль кожны дзень.

Баталіі ў амерыканскім футболе разгортваюцца паміж дзвюма камандамі - па адзінаццаць чалавек з кожнага боку. Спартсмены выкарыстоўваюць і сілавыя прыёмы, «узводзяць барыкады», штурхаюць адзін аднаго – робяць усё, каб не дазволіць саперніку прабіцца з мячом у ачковую зону.

Тактычныя хітрыкі і гладыятарскія баі – галоўны трэнер каманды Алег Ярмоленка падчас гульні адчувае сябе, як за шахматнай дошкай - накіроўвае кожны рух сваёй каманды. Стратэгічныя схемы занатоўвае ў своеасаблівай кнізе, там сабрана звыш 60-ці ўласна распрацаваных інструкцый, як парушыць усе планы сапернікаў.

У сталіцы ёсць два клубы па гульні ў амерыканскі футбол - «Мінскія зубры» і «Ліцвіны». Знаходзяць новых гульцоў каманды сярод зацікаўленых аматараў спорту розных узростаў. Для пачаткоўцаў заняткі праводзяць па спецыяльнай сістэме.

Сёлета ж сталічны клуб па амерыканскім футболе «Ліцвіны» стаў першай беларускай камандай, якая змагаецца ў самай моцнай усходнееўрапейскай лізе. Пры гэтым дэбютанты сезона толькі аднойчы згубілі ачкі і ўжо за некалькі тураў да канца чэмпіянату забяспечылі сабе месца ў стадыі плэй-оф.