Упершыню ў гісторыі беларускага тэніса

10 февраля 2017

Упершыню ў гісторыі беларускага тэніса. Наша жаночая каманда стартуе ў сусветнай групе Кубка федэрацыі матчам з тэнісісткамі з Галандыі. Сустрэча пройдзе на "Чыжоўка-Арэне". Нягледзячы на тое, што госці лічацца фаварыткамі паядынку, нашы тэнісісткі поўныя рашучасці даць бой саперніцам. Тым больш, што на баку беларусак будуць глядацкія трыбуны, а гэта, як мінімум, 4 тысячы чалавек. Практычна ўсе білеты на сустрэчу Беларусь - Нідэрланды ўжо раскупленыя.

Падрабязнасці - у Алены Гарэльчык. Тэнісны корт сярод лядовай арэны. Каб укласці пакрыццё, лёд на "Чыжоўка-Арэне" не растоплівалі. Канструкцыя корта - як шматслойны пірог. Гэта дазволіла забяспечыць камфортную для тэнісістак тэмпературу - ля самага пакрыцця - 17,5 градусаў, тэмпература паветра каля 20. У такіх умовах нашы дзяўчаты трэніруюцца з мінулага панядзелка.

Галоўная ўдарная сіла зборнай Нідэрландаў - гэта Кікі Бертэнс - 24-я ракетка свету. Для параўнання наша Аляксандра Сасновіч - 128-я. У складзе гасцей яшчэ дзве тэнісісткі з топ-200 і вопытная парніца Міхаэла Крайчак, якая ў 2015 годзе была на 23-ім месцы парнага разраду, а за кар'еру выйграла шэсць тытулаў ВТА.

Па выніках сённяшняй жараб'ёўкі, Крайчак павінна выйсці заўтра ў матчы супраць Аляксандры Сасновіч. Праўда, капітан каманды за гадзіну да пачатку матча яшчэ можа зрабіць замену па медыцынскіх паказчыках.

Матч Сасновіч - Крайчак пачнецца заўтра ў 12:00. Па заканчэнні гэтага паядынку - яшчэ адна сустрэча. Арына Сабаленка супраць Кікі Бертэнс. У нядзелю тэнісісткі пачнуць на гадзіну раней. Спачатку Сасновіч згуляе з Бертэнс, а затым - Сабаленка і Крайчак. Завершыцца тэнісная дуэль парнай гульнёй. Зборную Беларусі тут прадставяць Вера Лапко і Вольга Гаварцова, а Нідэрландаў - Сіндзі Бергер і Аранча Рас.

Пераможцы матча Беларусь - Нідэрланды ў паўфінале згуляюць з пераможцамі сустрэчы Швейцарыя - Францыя. Хто прайграе, будуць змагацца за права застацца ў сусветнай групе на наступны сезон.