Вяртанне на п'едэстал

12 февраля 2017

Дзень вялікіх перамог - такой стала гэта нядзеля для Беларусі. Аматарам спорту сёння было складана адарвацца ад тэлевізара. А нам, журналістам, няпроста рыхтаваць гэту праграму. Бо так хацелася ўважліва сачыць, хвалявацца і нічога не прапусціць на важных спаборніцтвах. Думаю, балельшчыкі зразумеюць.

Вялікі тэніс у Мінску - сапраўдная бітва за выхад у паўфінал сусветнай групы з камандай Галандыі, і сусветны біятлон у Хахфільцэне. І там, і там нашы спартсменкі парадавалі выдатнымі вынікамі.

Калі тэніс у Мінску быў яшчэ ў самым разгары, і хто выйдзе пераможцам у спаборніцтвах дзвюх каманд, было незразумела, у заснежанай Аўстрыі трыумфальна фінішавала Дар'я Домрачава, заваяваўшы сярэбраны медаль. Другое месца дасталася ў найскладанейшых стартавых умовах - у гонцы праследавання Даша пайшла на дыстанцыю з 27-й пазіцыі, прайграючы лідарам амаль паўтары хвіліны. Зарукай поспеху магла стаць толькі бездакорная стральба, з якой апошні час былі відавочныя праблемы. Але Даша змагла справіцца з нервамі настолькі, што стала адзінай біятланісткай з группы лідараў, якая адстралялася на нуль на ўсіх чатырох агнявых межах.

Разам з уражальнай хуткасцю Домрачава сёння была нястрымная для пераважнай большасці саперніц. Наперадзе аказалася толькі немка Лаура Дальмаер. Але біятлонны свет дакладна ўяўляе, хто галоўны герой сённяшняй гонкі. Гэта менавіта Домрачава, якая вярнулася на подыум галоўнага турніру года ўсяго праз чатыры месяцы і 11 дзён пасля нараджэння дачкі. З бліскучым выступленнем Дар'ю Домрачаву павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Лішні раз пераконваешся, што Дар'я Домрачава - выдатны прыклад для пераймання маладому пакаленню, сапраўдны герой Беларусі. Сваю сацыяльную функцыю гэта спартсменка самага высокага ўзроўню выконвае на ўсе 100 працэнтаў. Прафесіяналізму, канцэнтрацыі ўвагі, мэтанакіраванасці Домрачавай можа пазайздросціць любы чалавек. І, вядома, зараз з нецярпеннем чакаем іншыя дысцыпліны з удзелам Дар'і. Дзякуючы сённяшняму серабру беларуска забяспечыла сабе месца ў мас-старце. Чакаецца таксама яе выступленне ў індывідуальнай гонцы і эстафеце. Яшчэ раз віншуем Дар'ю з такім доўгачаканым медалём.