Восем медалёў чэмпіянату свету. У любым іншым выпадку гэта было б шчасцем. Але толькі не для беларускіх вясляроў. З Масквы, на жаль, яны вярнуліся без залатых узнагарод, і таму настроены вельмі крытычна. Гэта не тычыцца нашых дзяўчат. Бо яны ўпершыню ў гісторыі занялі пяць прызавых месцаў. Але самая стабільная каманда краіны апошняга дзесяцігоддзя заклікае ўсіх захоўваць спакой - у спорце высокіх дасягненняў часам лепш зрабіць крок назад, каб на найважнейшым старце апынуцца першым.
Расказвае Андрэй Казлоў: Чэмпіянат свету па веславанні на байдарках і каноэ атрымаўся рабочым. Менавіта так яго ахарактарызуе галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі Уладзімір Шантаровіч ужо пасля вяртання ў Мінск. Быццам бы і медалёў узялі нямала, восем. Але толькі адна з іх заваявана ў алімпійскай дысцыпліне.
Безумоўна, жаночая палова каманды выступіла лепш за мужчынскую. У яе актыве пяць медалёў, у тым ліку ў алімпійскай дысцыпліне - у спаборніцтве байдарак-чацвёрак на дыстанцыі 500 метраў. Гэта Маргарыта Цішкевіч, Надзея Ляпешка, Марына Літвінчук і Вольга Худзенка.
На дзвюх папярэдніх летніх Алімпіядах браты Андрэй і Аляксандр Багдановічы былі фаварытамі ў спаборніцтвах каноэ-двоек на дыстанцыі 1000 метраў. У Пекіне ўзялі золата, у Лондане - серабро. Чэмпіянат свету ў Маскве браты Багдановічы правялі, мякка кажучы, няўдала. І тут жа пайшлі размовы, маўляў, іх час у мінулым.
У паніку ўпадаць пасля чэмпіянату ніхто не стаў. І нават высокае, але даволі расплывістае месца ў агульным заліку турніру, з 2-га па 4-ае, успрымаюць спакойна. Каманда скіравана на Алімпіяду, гаворыць галоўны трэнер. І фарсіраваць падрыхтоўку хоць і дзеля чэмпіянату свету - няправільна.
Да Алімпіяды ў Рыа застаецца два гады, у Бразіліі сваё слова абавязкова скажуць як браты Багдановічы, так і маладыя беларускія спартсмены.














