Вакол чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску - ажыятаж

22 октября 2013

Валанцёрамі на чэмпіянаце свету па хакеі хочуць быць каля 4 тысяч чалавек. Амаль траціна з іх - іншаземцы. І гэта не дзіўна. Бо для гасцей турніру ў нашай краіне будзе дзейнічаць бязвізавы рэжым. Шырока адчынены дзверы і для прэсы. Зрэшты, згодна з новым указам Прэзідэнта, акрэдытацыя беларускага МЗС спатрэбіцца тым СМІ, якія будуць рабіць рэпартажы не толькі са спартыўных пляцовак.


Больш падрабязна Станіслаў Ліпскі.


Адмена віз для гасцей чэмпіянату свету па хакеі не магла не паўплываць на тэмпы продажаў білетаў. Напярэдадні за 200 дзён да старту было прададзена 3097 абанементаў або амаль 35 тысяч квіткоў. Дарэчы, рашэнне аб бязвізавым уездзе ў нашу краіну прыемна здзівіла і ўдзельнікаў Міжнароднага саміту арганізацыйных камітэтаў, партнёраў і спонсараў чэмпіянату свету, які сёння стартаваў у сталіцы.


У Мінск прыехалі 74 прадстаўнікі сусветна вядомых кампаній, сярод іх кіраўнікі самых вышэйшых звёнаў.


Крыстаф Маўэр, дырэктар па зімовых відах спорту камерцыйнага партнёра Міжнароднай федэрацыі хакея: Чэмпіянат у вашай краіне праходзіць упершыню, для многіх Беларусь яшчэ не адкрыта, таму прыехала так шмат чалавек. Што тычыцца арганізацыі, то хацелася б адзначыць магчымасць трапіць да вас падчас турніру без візы. Мы вельмі шмат рэкламуем чэмпіянат і ўпэўненыя, вы правядзеце яго годна.


Не сумняваецца ў гэтым і намеснік генеральнага сакратара Міжнароднай федэрацыі хакея Ханес Эдэрэр, нягледзячы на апаскі наконт тэмпаў будаўніцтва некаторых сталічных гатэляў. IIHF вітае бязвізавы ўезд для балельшчыкаў, што паўплывае і на акрэдытацыю СМІ - іх стане больш. Журналістам таксама не патрэбна віза пры працы на хакейных аб'ектах. Калі ж зацікавіць нешта, не звязанае з чэмпіянатам свету, СМІ спатрэбіцца акрэдытацыя Міністэрства замежных спраў Беларусі. Усё гэта прадугледжана новым указам Прэзідэнта.


Ханес Эдэрэр, намеснік генеральнага сакратара Міжнароднай федэрацыі хакея: Мы шчаслівыя, што Беларусь пайшла на такі беспрэцэдэнтны крок - адмена віз. Такога яшчэ не было ў гісторыі чэмпіянатаў свету. Зараз мы працуем над працэдурай уезду ў вашу краіну, каб і балельшчыкі, і журналісты і, зразумела, удзельнікі турніру маглі спакойна перасячы мяжу Беларусі.


Што тычыцца саміту, то роля кожнага спонсара істотная: у залежнасці ад дамоўленасці з IIHF кампаніі бясплатна ў Мінск паставяць сваю прадукцыю ў абмен на права выкарыстоўваць сімволіку турніру ў сваёй маркетынгавай палітыцы. Выключнае права супрацоўнічаць з чэмпіянатам атрымалі і 10 беларускіх прадпрыемстваў.


Яўген Ворсін, старшыня Федэрацыі хакея Беларусі: У рамках гэтых пагадненняў нам аказваецца спонсарская дапамога, прычым гарантавана, і не толькі матэрыяльная, але і ў выглядзе аказання нейкіх паслуг. Напрыклад, Белтэлекам, МАЗ так з намі працуе.


Канкурэнцыя за права быць часткай чэмпіянату свету і ў валанцёрскім руху. Пададзена 3800 заявак з 16 краін. Вельмі важны для канкурсантаў і валанцёрскі вопыт працы. У Беларусі такіх людзей ужо хапае.