У Палацы Незалежнасці Прэзідэнт ушаноўваў зборную Беларусі па цяжкай атлетыцы

23 апреля 2019

Дзевятнаццаць узнагарод, два рэкорды Еўропы, пятнаццаць рэкордаў Беларусі і другое месца ў медальным заліку! Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сёння ўшаноўваў зборную нашай краіны па цяжкай атлетыцы, якая трыумфальна выступіла на чэмпіянаце Еўропы ў Батумі.

Да пачатку мерапрыемства для каманды арганізавалі экскурсію па Палацы Незалежнасці. Спартсмены і трэнеры  даведаліся  гісторыю з'яўлення будынка, наведалі асноўныя залы. Напрыклад, Зялёную, дзе адбыліся вядомыя ўсяму свету перамовы "нармандскай чацвёркі". Для яркага фота некаторыя нават селі за стол перамоў. Трыумфатары кантынентальнага форуму ў Батумі ўбачылі таксама Камінную залу, а яна рэкардсмен па колькасці прынятых гасцей. За год тут праходзіць да 200 мерапрыемстваў.

Ганаровае званне "Заслужаны майстар спорту" сёння прысвоена Дар'і Навумавай, медаль "За працоўныя заслугі" ўручана старшаму трэнеру - выкладчыку Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі "Стайкі" Валерыю Сізянку. Падзякі Прэзідэнта аб'яўлены Яўгену Ціханцову, Генадзю Лапцеву, галоўнаму трэнеру мужчынскай зборнай Беларусі Віктару Шаршукову, галоўнаму трэнеру жаночай зборнай Валянціну Кароткіну. 

Са словам у  адказ выступіла лідар жаночай зборнай, сярэбраны прызёр Гульняў у Рыа. Дар'я Навумава паабяцала, што спартсмены зробяць усё для паспяховага выступлення на Алімпіядзе ў Токіа ў наступным годзе.