Уладзіслаў Ганчароў заваяваў першы залаты медаль для Беларусі

14 августа 2016

Першае месца ў спаборніцтвах скакуноў на батуце Уладзіслава Ганчарова стала першым залатым медалём у скарбонцы Беларусі на XXXI летніх Алімпійскіх гульнях.

Па выніках кваліфікацыі Уладзіслаў набраў другую суму балаў, саступіўшы толькі кітайцу Лей Гаа. У фінале вынік папярэдніх спаборніцтваў не ўлічваўся, а толькі вызначаў парадак старту спартсменаў. Беларус адправіўся ў фінальнай серыі скачкоў перадапошнім і ўпэўнена выканаў сваю праграму. Кітаец Гаа заявіў больш складаныя скачкі, але выканаў іх не вельмі чыста. Як вынік - Гаа толькі трэці, а 20-гадовы беларус алімпійскі чэмпіён.

Да золата Алімпіяды Ганчароў двойчы станавіўся прызёрам чэмпіянатаў свету ў індывідуальных спаборніцтвах. Менавіта ў гэтым відзе і разыгрываецца медаль Гульняў. Прычым калі два гады таму ён выйграў бронзу, то ў 2015-м ужо серабро. Двойчы Ганчароў станавіўся стыпендыятам Прэзідэнцкага спартыўнага клуба: у 2010-м і праз два гады.