Уладзімір Самсонаў на Гульнях у Рыа саступіў саперніку з Японіі ў матчы за бронзу

12 августа 2016

Для беларуса гэта шостая Алімпіяда ў кар'еры. І чацвёртае месца - яго лепшы вынік у галоўных стартах чатырохгоддзя. Пра тое, як выступілі напярэдадні і іншыя беларускія спартсмены, у рэпартажы нашага карэспандэнта ў Рыа Мікалая Стулы.

У тых, хто любіць спорт, ноч сёння была бяссоннай. Мы ўсе чакалі прыгожай гісторыі. Уладзімір Самсонаў напрыканцы сваёй кар'еры, вядома ж, заслужыў алімпійскі медаль, да бронзы Рыа заставалася зрабіць адзін крок. У матчы за бронзу турніру па настольным тэнісе беларус сустракаўся з японцам Мізутамі. Сапернік - гулец з больш высокім рэйтынгам, а ў Самсонава яшчэ і траўма. Была барацьба, у якой Валодзя выйграў толькі адну партыю - 1:4. Хаця ва ўсіх, акрамя першай, гульня ішла мяч у мяч. І тут у вырашальных эпізодах вопыт прайграў маладосці.

Чацвёртае месца Самсонава - пакуль лепшае дасягненне беларусаў на Алімпіядзе. Беларусь упершыню ўшчыльную падышла да п'едэстала. На Гульнях у Самсонава гэта таксама лепшы вынік.

Датэрмінова пакіне алімпійскі турнір баскетбольная зборная. Беларускі прайгралі лёсавызначальны матч Турцыі 71:74. Апошняя гульня супраць Аўстраліі 13 жніўня нічым не дапаможа - цяперашнія сціплыя паказчыкі каманды не дазваляюць увязацца ў турнірную закрутку.

У плаванні ў нас па сутнасці застаўся апошні рэальны шанц на медаль - Аляксандра Герасіменя на дыстанцыі 50 метраў вольным стылем. Старт ужо сёння.

Такі ж адзіны шанц застаўся і ў боксе пасля ўчарашняга паражэння Міхаіла Даўгуляўца. Зараз у турнірнай сетцы застаецца толькі Дзмітрый Асанаў.

Пятніца - з гэтага дня ў барацьбу ўступаюць беларусы, якія адназначна ходзяць у прэтэндэнтах на медалі. Цяжкая атлетыка - Павел Хадасевіч і Дар'я Навумава, стральба - Віталь Бубновіч і Юрый Шчарбацэвіч. Сёння пачынаецца лёгкая атлетыка і скачкі на батуце. І мы маем права спадзявацца, што сёння будзе лепш, чым учора.

Паўфіналы ў веславанні акадэмічным - там удзельнічаюць Кацярына Карстэн і Станіслаў Шчарбачэня. Таму для іх гэта таксама важны дзень у кар'ерах. Дарэчы, веславанне на Алімпіядзе вельмі метэазалежнае. Спаборніцтвы ўжо двойчы пераносілі з-за надвор'я, што не вельмі добра - спартсмены могуць перагарэць і не паспець аднавіцца да фіналу ў выпадку поспеху.