Вікторыя Азаранка выйшла ў чвэрцьфінал Australian Open

25 января 2016

І пачынаем выпуск з прыемнай спартыўнай навіны. Літаральна паўгадзіны таму Вікторыя Азаранка ўзяла верх над чэшкай Барбарай Стрыцавай - 6:2, 6:4. Гэта значыць, што беларуска ў чвэрцьфінале першага ў сезоне турніру серыі "Вялікага шлема" - Australian Open. Нагадаем, што Азаранка - двухразовая пераможца спаборніцтваў у Мельбурне, адна з галоўных фаварытак. Да прыезду на старт Вікторыя выйграла турнір у Брысбене і знаходзіцца ў добрай форме.
Вікторыя Азаранка - двухразовая пераможца Australian Open, 2012 - 2013 гг.: "Усё было добра. Сёння для мяне важней за ўсё было не страчваць засяроджанасць, таму што Барбара любіць выбіваць саперніц з рытму. Так што я засяроджвалася на выкананні сваіх удараў, на тым, каб дзейнічаць агрэсіўна і прытрымлівацца свайго плана на гульню. Мне здаецца, я добра згуляла. Нешта магла б зрабіць і лепш. Гэта ў мне перфекцыяністка гаворыць. Але ў цэлым даволі нядрэнна". Спыніць Вікторыю на шляху да паўфіналу паспрабуе Ангеліка Кербер, якая адолела Аніку Бек - 6:4, 6:0.