Вікторыя Азаранка прынесла першую перамогу зборнай Беларусі ў матчы плэй-оф Кубка Федэрацыі

16 апреля 2016

перамогу жаночай зборнай Беларусі ў матчы плэй-оф Кубка Федэрацыі. У паядынку супраць расійскай тэнісісткі Маргарыты Гаспаран нашай Вікторыі спадарожнічаў поспех - 6:2, 6:3. Яшчэ адна беларуска - Аляксандра Сасновіч, на жаль, саступіла ва ўпартай барацьбе Дар'і Касаткінай. Такім чынам, пасля першага дня спаборніцтваў у Маскве лік стаў роўным - 1:1. Адзначым, зборныя Беларусі і Расіі сустракаюцца ўпершыню пасля доўгага перапынку. На кортах малой арэны "Лужнікі" ў Маскве ў гэтыя выхадныя вырашыцца, хто ўвойдзе ў топ лепшых каманд планеты. І ў беларусак ёсць усе шанцы ўпісаць свае імёны ў сусветную гісторыю тэніса. Заўтра тут пройдуць яшчэ дзве адзіночныя сустрэчы, а таксама адна парная. Што ж, хварэем за нашых.

Наш карэспандэнт Дар'я Белавусава-Пятроўская перадае з Масквы.

Беларускія флагі, адзенне з нацыянальнай сімволікай, а галоўнае - баявы настрой. Падтрымаць жаночую зборную Беларусі па тэнісе з Мінска прыехалі больш чым 50 балельшчыкаў. Гэта не прафесійныя спартсмены і многія нават ніколі не выходзілі на корт, але кожны з іх верыць - перамога будзе за намі!

Пад гімны Беларусі і Расіі ў залу малой арэны спарткомплексу "Лужнікі" выносяць флагі дзвюх краін. Па традыцыі каманды абменьваюцца вымпеламі і пачынаецца гульня першай пары. Згодна з жараб'ёўкай, на корт выходзяць Касаткіна і Сасновіч. У Кубку Федэрацыі ў расіянкі гэта дэбют. Дар'я бліскуча правяла сезон-2015, прабіўшыся ў сусветную сотню. Не выпадкова Sports Illustrated прызнаў яе лепшым навічком года WTA. Аляксандра Сасновіч таксама вопытны гулец. У Кубку Федэрацыі ўжо восьмы раз. За сваю кар'еру выйграла 18 турніраў ITF, 11 з іх у адзіночным разрадзе. У топ-100 беларуска ўвайшла 2 гады таму і сёння займае соты радок сусветнага адзіночнага рэйтынгу.

Касаткіна адразу захапіла ініцыятыву і выйграла першую партыю. У другой удача была ў Сасновіч, але выйграць вырашальны сэт, магчыма, не хапіла сіл.

І вось на корт выходзяць Азаранка - Гаспаран. Пятая ракетка свету, алімпійская чэмпіёнка 2012 года, двухразовая пераможніца Australian Open і фіналістка US Open у адзіночным разрадзе - сёння Вікторыя ў выдатнай спартыўнай форме. У гэтым сезоне яна выйграла ў Індыян-Уэлсе свой 19-ы турнір - перамагла ў фінале саму Серэну Уільямс.

Сёння Маргарыта Гаспаран таксама на ўздыме. У мінулым сезоне заваявала першы тытул WTA. А ў гэтым яна стала 41-й ракеткай свету.

Паражэнне ў першым матчы беларускай зборнай настроіла Азаранку на баявы лад. Першы сэт быў за ёй. У другім завязалася сапраўдная барацьба характараў. Але вопыт і сіла ўзялі сваё. Лік 6:2, 6:3.

Трыбуны сціхлі, корт малой арэны ў Лужніках апусцеў. Але заўтра тут з новай сілай разгарыцца спартыўны азарт. Спартсменкі, якія сёння некалькі гадзін трымалі ў напружанні балельшчыкаў, трэнераў і тэлегледачоў, заўтра памяняюцца саперніцамі. І ў канцы, калі спатрэбіцца, пройдзе парная сустрэча.