Вікторыя Азаранка не стрымала слёз і расплакалася на прэс-канферэнцыі

15 января 2019

Экс-першая ракетка свету Вікторыя Азаранка не стрымала слёз і расплакалася на прэс-канферэнцыі. Яна ўпершыню за 13 гадоў пакідае Australian Open пасля стартавага раўнда. Беларуска ў трох сэтах саступіла немцы Лаўры Зігемунд з другой сотні сусветнага рэйтынгу. Нагадаем, Вікторыя судзіцца з былым мужам за права апекі над агульным сынам.

Вікторыя Азаранка, экс-першая ракетка свету: "У жыцці я шмат перанесла. Часам пытаю сябе, навошта я ўсё гэта раблю. Але, думаю, у выніку ў мяне атрымаецца стаць мацнейшай. Я буду ў гэта верыць і шмат працаваць. Мне трэба проста час, цярпенне і крыху падтрымкі. Зараз я змагаюся, мне даецца гэта цяжка. Гэта відавочна. Але я не лічу, што пацярпела няўдачу. Мне цяжка, але сапраўднай няўдачай было б здацца".

Вікторыя Азаранка - двухразовая пераможніца Australian Open. Ужо гэтай ноччу свой паядынак другога круга ў Мельбурне правядзе Аляксандра Сасновіч. Арына Сабаленка выйдзе на корт раніцай.