Віктар Ганчарэнка ўзначаліў маскоўскі ЦСКА

12 декабря 2016

Лепшы трэнер Беларусі ўзначаліў маскоўскі ЦСКА. Аб прызначэнні Віктара Ганчарэнкі актыўна гаварылі яшчэ на мінулым тыдні, але падпісанне кантракта адбылося менавіта сёння. ЦСКА - адзін з самых тытулаваных клубаў Расіі, дзеючы чэмпіён. Але ў галоўным еўракубку - Лізе чэмпіёнаў - каманда не вызначаецца. Магчыма, менавіта Ганчарэнка выведзе чырвона-сініх на новы ўзровень. Прынамсі, з БАТЭ гэта ў яго атрымлівалася выдатна.

Павел Капуцкі пра кар'ерны ўзлёт. Гэта пры ім клуб БАТЭ упершыню выйшаў у Лігу чэмпіёнаў. Гэта ён выйграў у Мінску, здавалася б, у непераможнай "Баварыі". Гэта ён шэсць разоў станавіўся лепшым трэнерам Беларусі. 39-гадовы ўраджэнец гарадка Хойнікі Гомельскай вобласці з-за траўмы рана скончыў кар'еру гульца, затое своечасова стаў трэнерам.

У мінулым сезоне беларус асісціраваў Леаніду Слуцкаму ў ЦСКА. Трэнеры маюць добрыя зносіны яшчэ з часоў, калі беларус працаваў у БАТЭ. Замена меркавалася ўлетку, але Слуцкі ў зборную Расіі ўсё-такі не пайшоў, а Ганчарэнка адазваўся на прапанову сціплай "Уфы".

Віктар Ганчарэнка, галоўны трэнер ФК ЦСКА (Масква, Расія): "Быў я ў трэнерскім штабе ЦСКА і не ўтойваў, што калі будзе нейкая прапанова, вядома, я яе буду прымаць. Не было такога, што я сядзеў і чакаў, калі вызваліцца месца Леаніда Віктаравіча. Ці былі нейкія дамоўленасці з ЦСКА. Не. Пры першай магчымасці вярнуўся да таго, што я больш за ўсё люблю".

"Уфа" пад кіраўніцтвам Ганчарэнкі абгуляла маскоўскія "Спартак" і "Лакаматыў". Каманда па выніках першай часткі чэмпіянату заняла высокае восьмае месца. Слуцкі тым часам зразумеў, што за сем гадоў у ЦСКА стаміўся, і падаў у адстаўку.

У момант поціску рукі з прэзідэнтам ЦСКА Яўгенам Гінерам наш трэнер выглядае па-сапраўднаму шчаслівым. Пагадненне разлічанае на два гады. Ёсць опцыя прадаўжэння.

У маскоўскія клубы звычайна запрашаюць або замежных трэнераў, або сваіх, расійскіх. Прабіцца цяжка. Тры гады таму ўдалося яшчэ аднаму беларусу - Леаніду Кучуку. Летам 2013-га ён узначаліў "Лакаматыў", але пратрымаўся крыху больш чым год, хаця выйграў бронзу чэмпіянату.

Васіль Уткін выказаўся ў "Твітэры" яшчэ да прызначэння Ганчарэнкі, хаця напэўна здагадваўся, хто ўзначаліць "армейцаў". Беларус аказаўся пад сур'ёзным націскам. Масква памылак не даруе. Але лепшы трэнер Беларусі прывык прымаць выклікі.