Увесь свет віншуе беларускіх біятланістак з перамогай

22 февраля 2018

Адным з першых нашых зорных біятланістак павіншаваў славуты беларускі спартсмен Сяргей Далідовіч. Ён адзіны лыжнік у гісторыі, які прымаў удзел у 7-мі Алімпійскіх гульнях і ў 12-ці запар чэмпіянатах свету. "Віншую з суперперамогай! Гэта было выдатна!", - напісаў Сяргей у сваім "Інстаграме".

"Гэта вялікі дзень для Беларусі" - так пракаменціраваў сённяшнюю гонку васьміразовы алімпійскі чэмпіён Уле-Эйнар Б’ёрндален.

А вось эмоцыі ад вядомага расійскага каментатара Дзмітрыя Губерніева: "Белая Русь ты мая!!! Беларусь!!! Віншую!!! Гістарычная перамога!!! Скардзіна, Крыўко, Алімбекова, Домрачава!!! Дар'я становіцца адзінай на планеце чатырохразовай алімпійскай чэмпіёнкай!!".

Шквал захопленых віншаванняў у адрас нашай доблеснай чацвёркі ляціць з усяго свету. Вядучыя выданні стракацяць пераможнымі загалоўкамі. NBC канстатуе: "Домрачава робіць гісторыю сусветнага біятлона".

"Ніхто не можа параўнацца з Домрачавай", - заяўляе брытанскае выданне "Гардыян".

"Золата для Беларусі" - вітае на сваім сайце брытанская тэлерадыёвяшчальная кампанія ВВС, якая вяла прамую трансляцыю гонкі.

"Ідэальны фініш", піша агенцтва "Рэйтэр", каменціруючы перамогу залатой чацвёркі з Беларусі.

Цёпла павіншавала беларускіх біятланістак вядомая расійская алімпійская чэмпіёнка ў гэтым відзе спорту Святлана Сляпцова. "Гэта быў агонь! Дзяўчынкі! Я вас віншую ад усёй душы, бо гэта галоўная мэта ў спорце, і я ўяўляю, што вы адчуваеце зараз!" І персанальна калеге Домрачавай: "Дашка, я вельмі рада за цябе, ты самая крутая біятланістка свету!".