У Заслаўі вызначыліся лепшыя ў веславанні на байдарках і каноэ

26 июня 2019

Мы пачынаем з самых гарачых навін. На вяслярным канале ў Заслаўі завяршыліся фінальныя заезды ў пяці дысцыплінах. У кожным відзе праграмы за ўзнагароды змагаліся і беларусы.  На месцы падзей працуе наш карэспандэнт Крысціна Камыш, у якой ёсць узрушаючыя навіны. 

У беларускіх балельшчыкаў веславанне на байдарках і каноэ трывала асацыюецца з медалямі. Незалежна ад узроўню старту, апошнія гадоў 15 без узнагарод нашы хлопцы і дзяўчаты  дадому  не вяртаюцца. Таму на ІІ  Еўрапейскіх гульнях у Заслаўі ад каманды Уладзіміра Шантаровіча чакалі толькі перамог. Не дарма! Давайце паглядзім,  як гэта было.

Першым з нашых на старт выйшаў Алег Юрэня. Байдарка-адзіночка тысяча метраў.  І ўжо  ў першым заездзе зборная Беларусі заваявала медаль - гэта бронза. У заездзе каноэ-адзіночка на такой жа дыстанцыі Максім Пятроў. На жаль,  стаў чацвёртым, але літаральна наступны заезд згладзіў непрыемныя ўражанні. А незабыўныя ўражанні падарылі  Оля Худэнка і Марына Літвінчук у байдарцы-двойцы (500 метраў), нарэшце яны першыя!

Раман Петрушэнка і Віталь Бялько, якія ў заездзе байдаркі-двойкі на кіламетр,  4 гады назад у Баку сталі бронзавымі прызёрамі І Еўрапейскіх гульняў, дома ўсё-такі восьмыя, але ў іх яшчэ будуць шанцы пазмагацца за медалі. Каноэ-двойка 1000 метраў - Андрэй Багдановіч і Віталь Асецкі - фінішавала сёмай.

На сёння з медальнымі разборкамі пакончана. Аж да пяці вечара будуць ісці кваліфікацыйныя заезды. А заўтра - дзень, які нельга прапусціць. У Заслаўі разыграюць  11 камплектаў узнагарод. І тут выступяць усе нашы зоркі, усе нашы любімыя  лодачкі. Напрыклад, байдаркі-чацвёркі,  як у мужчын, так і ў жанчын. Каноэ-двойкі. Гэта тая самая магчымасць убачыць нашых алімпійскіх чэмпіёнаў і прызёраў у дзеянні. Будзе горача, і,  спадзяёмся,  медальна!