Гэта быў самы масавы ў гісторыі нашай краіны забег - па вуліцах горада прабеглі каля трыццаці тысяч чалавек. Сярод іх не толькі беларускія аматары бегу, але і госці амаль з 50-ці краін. Вядомыя спартсмены, зоркі шоу-бізнесу, дыпламаты, чыноўнікі - у гэты дзень надзелі майкі і красоўкі. Сярод удзельнікаў паўмарафона - і каманда Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі. Напрыклад, наш калега Вікторыя Сянкевіч не прапусціла ніводнага такога забегу.
Хтосьці сёння бег, як кажуць, для здароўя, хтосьці - з высокімі дабрачыннымі мэтамі. Мінскі паўмарафон - гэта яшчэ і выдатная магчымасць убачыць беларускую сталіцу з незвычайнага боку: ну калі яшчэ вы зможаце прабегчы, а не праехаць па цэнтральных мінскіх праспектах і вуліцах? Вялікая каманда Агенцтва тэленавін разам з усімі выйшла на старт, а наш аглядальнік Андрэй Казлоў прабег дыстанцыю 10 кіламетраў паміж прамымі ўключэннямі ў "Навіны", і ўзяў з сабою гаджэт, каб фіксаваць кожны крок (відэа).













