У Віцебску завяршыўся фестываль "Славянскі базар"

17 июля 2018

Вялікім гала-канцэртам завяршыўся 27 Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".

На сцэну Летняга амфітэатра выйшлі даўнія сябры музычнага свята - Тамара Гвердцытэлі, Аляксандр Буйноў, Глеб Матвяйчук, Марына Дзявятава, Віка Цыганова і Макс Барскіх. Запаліліся падчас канцэрта і новыя зоркі.

На галоўнай сцэне форуму адбылося ўзнагароджанне пераможцаў Міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў. Імёны лаўрэатаў - у рэпартажы Вольгі Маслоўскай.

Сёлета конкурс маладых выканаўцаў падарыў сапраўдную інтрыгу. Два лідары і несумнеўна моцныя вакалісты - прадстаўнік Казахстана Амрэ і ўдзельнік з Румыніі Марчэл Рошка - за два конкурсныя дні набралі аднолькавую колькасць балаў.

У першай пяцёрцы таксама ўкраінка, беларус і прадстаўніца Польшчы. Для прыняцця рашэння ў журы была ноч.

Як суддзі распарадзіліся лёсам Гран-пры і трох прэмій, стала вядома толькі на цырымоніі закрыцця фестывалю. Да гэтага моманту яны захоўвалі маўчанне. Рашэннем міжнароднага журы трэцяя прэмія была падзелена паміж двума канкурсантамі - Сільвіяй з Польшчы і беларусам Яўгенам Курчычам.

І вось ён - кампраміс: першую прэмію конкурсу маладых выканаўцаў "Віцебск 2018" вязе вакаліст з Казахстана Амрэ, а ўладальнікам Гран-пры прызнаны румынскі канкурсант Марчэл Рошка.

Пад апладысменты 6-тысячнай залы былі ўручаны і спецыяльныя прызы. Так, "Славянскай надзеяй" названа расіянка Аляксандра Карабешкіна, а прэміі імя Уладзіміра Мулявіна ўдастоена кубінка Рэбека Эмбіль. Уладальнік Гран-пры Марчэл Рошка атрымаў права яшчэ раз выступіць на сцэне Летняга амфітэатра ў грандыёзным канцэрце разам са знакамітымі артыстамі. Кожны нумар - па сцэнаграфіі, харэаграфіі і рэжысёрскай задумцы - стаў маленькай гісторыяй са шчаслівым фіналам.

Шоу працягвалася больш як тры гадзіны. Гучалі новыя кампазіцыі і вядомыя хіты, якія зала спявала разам з любімымі артыстамі.

Але і гэта не канец. У Летнім амфітэатры яшчэ прагучаць пазыўныя "Славянскага базару". Сёння пройдзе сольнік Алены Ваенгі, а заўтра ў Віцебску выступіць група "Мумій Троль".