У Віцебску праходзіць 2-я Сусветная алімпіяда па гіравым трыятлоне

16 августа 2014

Спаборніцтвы сабралі 400 моцных на руку спартсменаў з 17 краін свету. У рамках алімпіяды быў устаноўлены рэкорд Кнігі Гінеса. Жангляваць гірамі вучылася Вольга Маслоўская.



Каралева памоста, прыгожая і разумная. Гіравікі ўсяго свету яе ведаюць як лэдзі Чэ. У жыцці - заслужаны майстар спорту Любоў Чарапаха.


Сваё жалезнае алібі яна даказвае зноў і зноў. На 2-й Сусветнай алімпіядзе па гіравым трыятлоне ў Віцебску - звыклае першае месца. Тут што ні спартсмен, то легенда. 400 гіравікоў з 17 краін свету. Сёння гіравы спорт выйшаў на міжнародны ўзровень.


Анатоль Яжоў, заслужаны майстар спорту, арганізатар 2-й Сусветнай алімпіяды па гіравым трыятлоне: Гэта на памосце мы сапернікі, а ў жыцці мы вялікія сябры. Я значна больш радуюся, калі хтосьці б'е мой рэкорд, чым тады, калі я дамагаюся чарговага поспеху.


Каб правесці спаборніцтвы, арганізатарам спатрэбілася самая вялікая спартыўная пляцоўка Віцебска і 140 гір агульнай вагой 2,5 тоны. Кожную хвіліну тут ставяць рэкорды, калі не сусветныя, то асабістыя.


Папулярнасць гіравога спорту тлумачаць проста: для заняткаў не патрэбна дарагая экіпіроўка, від спорту нетраўматычны, а галоўнае - узяць у рукі гіру ніколі не позна.


Гірам усе ўзросты пакорлівыя. Спецыялісты сцвярджаюць, што менавіта ў гіравым спорце больш за ўсё доўгажыхароў. Пры правільным і дазаваным падыходзе да заняткаў гіры можна паднімаць да глыбокай старасці.


Дарэчы, самаму ўзроставаму ўдзельніку гэтых спаборніцтваў 90 гадоў. Усе без выключэння ўдзельнікі алімпіяды запісалі на свой рахунак яшчэ адно важкае дасягненне. У Віцебску яны пабілі рэкорд Кнігі Гінеса па групавой трэніроўцы практыкавання на расслабленне.


Джэк Брокбэнг, афіцыйны прадстаўнік Кнігі рэкордаў Гінеса: Я віншую ўсіх, хто ў такое надвор'е прыйшоў сёння для ўстанаўлення рэкорду. З 405 удзельнікаў рэкардсменамі сталі 403.


Летась у падобнай намінацыі ў Кнігу Гінеса быў занесены амерыканскі штат Паўночная Караліна. З розніцай у 67 чалавек Віцебску атрымалася заваяваць тытул горада-рэкардсмена.