У Цюмені стартаваў заключны этап Кубка свету па біятлоне

22 марта 2018

Доўгачаканыя спаборніцтвы, якія падвядуць вынік усяму сезону. У Цюмені стартаваў заключны этап Кубка свету па біятлоне. Гэтая траса нашым страляючым лыжнікам знаёмая. На ёй у беларусаў былі перамогі. Цюменскі этап будзе цікавы балельшчыку не толькі самімі гонкамі, але і разборкамі ў агульным заліку. Бо менавіта ў Расіі стане вядома, хто заваюе Вялікі хрустальны глобус. Тэарэтычна прэтэндуе на Кубак Дар'я Домрачава. Падрабязнасці - у Крысціны Камыш.

Цюмень знаёмая беларускім біятлонным балельшчыкам. Два гады таму тут на стадыёне "Жамчужына Сібіры" на чэмпіянаце Еўропы Надзея Скардзіна выйграла гонку праследавання.

Еўрапейскае першынство для цэнтра - пакуль самая маштабная падзея. Раней этапы Кубка свету Цюмень не прымала. У мінулым сезоне з-за допінгавага скандалу ў Расіі спаборніцтвы адмянілі.

Таму зараз мясцовыя ўлады падрыхтавалі сапраўднае свята да завяршэння сезона.

Так, на пражыванне замежных спартсменаў арганізатары выдаткуюць 65 тысяч долараў. Для гледачоў узвялі цёплы шацёр, дзе працуюць фуд-корты і забаўляльныя пляцоўкі. Усталявалі дадатковыя трыбуны.

Ацаніць цюменскую гасціннасць змогуць не ўсе спартсмены. Федэрацыі біятлона ЗША, Канады і Чэхіі расійскаму этапу Кубка свету аб'явілі байкот. Не прыехала на спаборніцтвы і зборная Украіны.

На Кубку свету выступаюць спартсмены з 26 краін. Беларусь у жанчын прадстаўляюць Дар'я Домрачава, Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Дзінара Алімбекава і Надзея Пісарава. Сёння нашы дзяўчаты правялі кантрольную трэніроўку.

У заяўцы мужчынскай зборнай - Сяргей Бачарнікаў, Раман Ялётнаў, Антон Смольскі і Максім Варабей. Этап у Цюмені будзе гарачым, бо па яго выніках вызначацца пераможцы ў агульных заліках і ў кожнай дысцыпліне. Надзея Скардзіна ўжо сапраўды атрымае Малы хрустальны глобус у індывідуальнай гонцы.

А вось Дар'і Домрачавай за вялікі яшчэ трэба будзе пазмагацца. Шанцы на другі кубак застаюцца. Для гэтага лідару нашай каманды трэба займаць месцы як мага вышэйшыя ў выніковым пратаколе ў кожнай гонцы і спадзявацца, што Кузьміна і Мякярайнен не набяруць запаветных балаў. Апроч таго, беларускі прэтэндуюць на Малы хрустальны глобус. Домрачава - у спрынце, Крыўко - у мас-старце.

Сёння ў спрынце лепшым з беларусаў стаў Сяргей Бачарнікаў. У яго 30 месца. Перамог француз Мартэн Фуркад. Адзначым, мужчынская зборная Беларусі абышла ў Кубку нацый каманды Славакіі, Фінляндыі і Эстоніі, захаваўшы тым самым на будучы сезон ранейшую кубкавую квоту - чатыры чалавекі на гонку.

Этап Кубка свету заўтра працягнецца спрынтам у жанчын. Прамая трансляцыя на тэлеканале "Беларусь 5" у 16:35. У суботу пройдуць гонкі праследавання. У нядзелю самы відовішчны від праграмы - мас-старт.