У краіне працягваецца галасаванне конкурсу Трыумф. Героям спорту

29 января 2013
У краіне працягваецца галасаванне конкурсу Трыумф. Героям спорту. Прагаласаваць за свайго куміра можа любы ахвотнік - дастаткова запоўніць спецыяльную анкету. 
Як спяваецца ў вядомай савецкай песні: В спорте надо жить ярко, надо побеждать честно! Гэта ўсё пра іх - герояў спорту. Яшчэ ўлетку ў Лондане нашы спартсмены прымушалі трапятаць сэрцы балельшчыкаў. І зноў сітуацыя паўтараецца - аматары спорту перажываюць і галасуюць за сваіх куміраў.
Нават на перапынках і пасля заняткаў выхаванцы Гомельскага вучылішча алімпійскага рэзерву не спяшаюцца адпачываць. Гарачыя спрэчкі напярэдадні галасавання: кожны лічыць, што менавіта яго герой спорту - лепшы.
Прызёры чэмпіянатаў рэспублікі і Еўропы, члены нацыянальных зборных, гэтыя юнакі і дзяўчаты смела могуць марыць пра тое, што калі-небудзь у гэтых бюлетэнях надрукуюць іх імёны. І галасаваць за іх будуць так актыўна, як за цяперашніх герояў спорту. Ва ўпраўленні спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама ўжо патрацілі месячны запас факсавай паперы. Балельшчыкі прысылаюць лісты з усіх куткоў рэгіёну. Нават тыя, хто жыве за межамі краіны, не застаюцца абыякавымі да праекта Трыумф. Героям спорту.
Усяго ў Гомельскай вобласці ўжо аддалі свае галасы ўлюбёным спартсменам больш за 50 тысяч чалавек. Мяжа папярэдняга конкурсу ўжо пераадоленая. Але да фіналу галасавання застаецца яшчэ тыдзень, гомельскія балельшчыкі такую магчымасць выкарыстаюць.