Сёння ў сталіцы правялі апошнія сёлета гонкі на лыжаролерах

10 октября 2013

Яны закрылі сезон паездак па асфальце, каб хутка адкрыць сезон катанняў на снезе. Сёння ў сталіцы правялі апошнія сёлета гонкі на лыжаролерах. Больш за сто ўдзельнікаў - вучняў сталічных спартыўных школ - высвятлялі, хто з іх самы хуткі на дыстанцыі 2 з паловай і 5 кіламетраў.

Антаніна Станкевіч назірала за спаборніцтвамі, але сама на лыжаролеры ўстаць так і не адважылася.


Лепшыя сяброўкі ў жыцці - Оля і Крысціна - нават на трасе даказваюць: сапраўднае дзявоцкае сяброўства ўсё-такі існуе. І хоць першае месца толькі адно, але радавацца адна за адну дзяўчынкі ўмеюць. Нягледзячы на свае 12, гэтыя ўжо вопытныя спартсменкі ведаюць, што ў любых спаборніцтвах перамагае мацнейшы.


Сёння ў сталіцы адбыліся заключныя гонкі на лыжаролерах. Больш за сто хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 12 да 17 гадоў спаборнічалі ў хуткасці і спрыце на дыстанцыях 2 з паловай і 5 кіламетраў.


Усё лета яны трэніраваліся на гэтай трасе. І сёння паказалі свае лепшыя вынікі.


Катанне на лыжаролерах - гэта магчымасць для аматараў зімовых відаў спорту займацца яшчэ і ўлетку, калі тэмпература на двары плюсавая, і снегу няма. Такім чынам, гэтыя хлопцы і дзяўчаты не толькі не страчваюць навык, але яшчэ і адточваюць майстэрства і тэхніку на працягу круглага года.


Пераможцы без падарункаў не засталіся. Акрамя традыцыйных дыпломаў, медалёў і каштоўных прызоў для кожнага спартсмена сёння выбралі і лепшыя ў агульным заліку спартыўныя школы. Якасны і сучасны спартыўны інвентар у гэтых навучальных установах таксама лішнім не будзе, вырашылі арганізатары і спонсары гонак.


Новы сезон гонак на лыжаролерах настане ўжо наступнай вясной, як сыдзе снег. А ў найбліжэйшай перспектыве ў будучых алімпійскіх надзей шмат зімовых спаборніцтваў і трэніровак.