У сталіцы адкрыўся міжнародны праект "Спорт - гэта высокае мастацтва"

7 июня 2019
У рамках культурнай праграмы ІІ Еўрапейскіх гульняў у сталіцы адкрыўся міжнародны праект "Спорт - гэта высокае мастацтва".  Вернісаж падтрымалі 12 краін: ад Азербайджана да Славакіі. У залах Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў прэзентавалі экспазіцыю, заснаваную на матэрыялах са збору Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотадакументаў, а таксама  на творах сучасных аўтараў. Плакаты, відэаматэрыялы, фота і скульптурныя аб'екты дэманструюць вялікі спорт у савецкі і сучасны перыяды.

Сяргей Крыштаповіч, дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Беларусі: "Архіўная фатаграфія дае магчымасць убачыць, якім выдатным быў савецкі спорт і сам фізкультурны спартыўны рух. Ён быў масавым, гэта быў рух усёй краіны да прыгажосці, да сілы, да гармоніі. Тады гэта ўспрымалася звычайна, а зараз праз час разумееш, як гэта было мудра і як гэта правільна".

Культурную эстафету ІІ Еўрапейскіх гульняў прыме і яшчэ адзін філіял Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў. У наступны чацвер на Незалежнасці, 47 выставяць карціну Казіміра Малевіча, а таксама пазнаёмяць наведвальнікаў з творчасцю паслядоўнікаў яго мастацкай школы.