У Сочы ўжо працуе алімпійская студыя беларускай дэлегацыі

4 февраля 2014
Дзяржаўны флаг Беларусі на парадзе адкрыцця зімовых Гульняў у Сочы панясе алімпійскі чэмпіён Ванкувера фрыстайліст Аляксей Грышын. Цырымонія пройдзе 7 лютага. Прамую трансляцыю будзе весці тэлеканал Беларусь 1.

Сёння ў сталіцу Алімпіяды адправіліся журналісты Белтэлерадыёкампаніі. Гэта каментатары, карэспандэнты, рэжысёры, аператары і відэаінжынеры.

Непасрэдна на месцы падзей ужо працуе алімпійская студыя беларускай дэлегацыі. Менавіта адсюль штодня падчас Гульняў будуць выходзіць дзённікі Алімпіяды. Уся апаратура цалкам наладжана і гатова да працы. А яе будзе нямала. Бо гульні ў Сочы стануць беспрэцэдэнтнымі ў гісторыі беларускага тэлебачання.

Тым часам у Сочы паступова прыбываюць і беларускія спартсмены. Першымі ў сталіцы Алімпіяды апынуліся біятланісты, пасля іх у алімпійскую горную вёску засяліліся гарналыжнікі. Праз некалькі дзён пад'едуць і фрыстайлісты. Жыхарамі вёскі ўжо сталі 300 спартсменаў. Усяго тут чакаецца каля трох тысяч гасцей.