У змяшанай эстафеце "Гонкі легенд" перамог дуэт Надзеі Скардзіны і Сяргея Новікава

18 февраля 2019

Вялікі біятлон ужо тут! Сем дзён краіна будзе жыць гэтым відам спорту. Упершыню з 2004 года Беларусь прыме чэмпіянат Еўропы. Да нас у Раўбічы прыедуць наймацнейшыя. Ну а адкрывала кантынентальнае першынство ўпадабаная "Гонка легенд". Для балельшчыкаў гэта ўнікальная магчымасць убачыць зорак біятлона, якія не раз паднімаліся на алімпійскі п'едэстал. На гэтую хвіліну завяршыліся мас-старты ў мужчын і жанчын.

На працягу ўсяго дня ў Раўбічах дзяжурыць здымачная група Агенцтва тэленавін. На прамую сувязь са студыяй выходзіць наш карэспандэнт Крысціна Камыш.

Тэмпература паветра падае, але на стадыёне ў Раўбічах сапраўдная спякота. Трыбуны ўсе запоўненыя, тут аншлаг. І вы б ведалі, як людзі хварэюць! Былых спартсменаў не бывае, таму кожны з дваццаці аднаго ўдзельніка "Гонкі легенд" хацеў паказаць свой максімум.

На гэтую хвіліну завяршылася змяшаная эстафета. Перамог беларускі дуэт Надзеі Скардзіны і Сяргея Новікава. А вось беларуска-нарвежскі дуэт Дар'і Домрачавай і Оле-Эйнара Б’ёрндалена стаў другім, адстаўшы ўсяго толькі на 2 секунды.

Крыху раней у мас-старце ў жанчын лепшай стала наша Надзея Скардзіна, якая паказала выдатны ход па дыстанцыі і адстралялася чыста. У такой жа дысцыпліне ў мужчын першым на фініш прыйшоў Андрэй Дзерызямля. У яго адзін промах.

У 19:30 пачнецца цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў фестывалю "Гонка легенд". А затым зоркі біятлона будуць узнагароджваць тых, хто стаў лепшым у фінале спаборніцтваў "Снежны снайпер". Таксама сёння адбудуцца праводзіны Дар'і Домрачавай і Надзеі Скардзіны з вялікага спорту. І гэта, напэўна, будзе самы кранальны момант у гісторыі беларускага біятлона.

Але вялікі біятлон фестывалем "Гонка легенд" не заканчваецца. У аўторак паўза перад пачаткам чэмпіянату Еўропы. У праграме спаборніцтваў - класічная індывідуальная гонка, традыцыйныя спрынты, гонкі праследавання, змяшаная эстафета і супермікст. У турніры возьмуць удзел больш чым 300 спартсменаў.

А ў суботу і ў нядзелю паралельна з чэмпіянатам Еўропы тут пройдзе этап Кубка свету па фрыстайле. Чакаецца, што ў Раўбічы прыедуць практычна ўсе наймацнейшыя лыжныя акрабаты, у тым ліку можна будзе ўбачыць нашу новаспечаную чэмпіёнку свету Аляксандру Раманоўскую. Так што на гэтым тыдні будзе вельмі шмат спорту.