На лыжах, не зважаючы на ўзрост. У Сілічах завяршыліся спаборніцтвы па слаламе сярод дзяцей. Сёлета на трасу выехалі сорак маленькіх лыжнікаў ва ўзросце ад трох да дванаццаці гадоў. Дзеці спаборнічалі ў трох узроставых групах - у кожнай, паводле правіл, па тры прызавыя месцы. Хто даехаў да фінішу з добрымі вынікамі і як спаборнічалі самыя маленькія ўдзельнікі?
За недзіцячымі гонкамі на лыжах сачыла Наталля Кезік. Яе ніколькі не хвалюе, што паехала крыху не па трасе. Маленькая Васіліса нават не паспела і зразумець, што ўдзельнічае ў спаборніцтвах. Галоўнае, што ў свае тры гады дзяўчынка ўпэўнена трымаецца не толькі на нагах, але яшчэ і на лыжах.
Васіліса ў Сілічы прыязджае кожны год з татам, мамай і старэйшай сястрой Лізай. Сёлета бацькі да спаборніцтваў падрыхтавалі абедзвюх дачок: каталіся на гэтай горцы і падчас адпачынку на беларускім гарналыжным курорце.
Больш дарослыя ўдзельнікі сур'ёзна рыхтаваліся да спаборніцтваў па слаламе. Тут адчувалася сапраўдная барацьба за перамогу. На ўліку юных спартсменаў была кожная секунда. Да фінішу абавязкова трэба даехаць - не сысці дачасна з трасы і паказаць спрыт на стромкіх віражах.
Дзіцячыя спаборніцтвы па слаламе ў Сілічах праходзяць пяты раз. І толькі сёлета яны былі пад пагрозай зрыву. Але туман і плюсавая тэмпература ніколькі не спалохалі маленькіх спартсменаў.
Пры дажджлівым надвор'і з туманам снег на горках можа растаць за некалькі дзён. А запусціць у працу гарматы, якія пакрыюць горкі штучным снегам, немагчыма. Для такой працэдуры таксама неабходны мінус на слупках тэрмометраў. Адсутнасць снегу сёлета значна паўплывала на колькасць наведвальнікаў.
Таму супрацоўнікі гарналыжнага курорта з нецярпеннем чакаюць сапраўдных маразоў, каб пачаць працаваць на поўную моц. Тым не менш горкі са штучным зімовым пакрыццём зараз не пустуюць, а ў гасцініцах ужо даўно няма вольных нумароў.














