У Сілічах вядуцца апошнія падрыхтоўкі да новага сезона

29 ноября 2018

Не прайшла ўдача сёлета і міма нашых гарналыжных комплексаў. Марознае надвор'е ва ўсю спрыяе нарыхтоўцы снегу, хай пакуль і штучнага. Дарэчы, ён ані не саступае сапраўднаму. Зімовыя курорты гатовы да адкрыцця. У Сілічах абнавілі не толькі лыжы, сноўборды і канькі, але і гасцінічныя нумары, а таксама папрацавалі над меню ў кафэ. Што яшчэ чакае аматараў зімовага адпачынку, і калі запрацуе снежная траса ў сталічнай Вяснянцы? Свой гарналыжны сезон ужо адкрыў Аляксандр Харавец.

Снегу звышдастаткова, а будзе і яшчэ больш, запэўнівае Рафал Загорскі. 14 сезонаў запар спецыяліст адказвае за снежную пярыну для аматараў гарналыжнага адпачынку. Пакуль таўшчыня снежнага покрыву каля 50 сантыметраў - і гэтага ўжо дастаткова для паўнавартаснага катання, зусім хутка халодны белы пласт павялічыцца да паўтара метра.

Падрыхтаваць бакавы кант, добра напарафініць лыжы, праверыць палкі і спраўнасць зашпілек на чаравіках. Сэрвісмэн Максім Чумарын у міжсезонне з гэтай працай ужо справіўся. Сёння разбіраецца з апошнімі дробязямі. Для таго каб лыжы пачалі ідэальна слізгаць, спецыялісту патрабуецца каля гадзіны.

Што датычыцца экіпіроўкі, то яе хопіць усім, запэўніваюць у Сілічах. У комплексе парадку 8 сотняў лыж і сотня сноўбордаў. Поўны камплект на гадзіну абыдзецца 14 рублёў. Гэта ў выхадны дзень. У будны - скідкі. Скіпас на гадзіну - пропуск на канатную дарогу будзе каштаваць 20 рублёў. Дзецям амаль у 2 разы танней.

На канатнай дарозе таксама ідуць апошнія выпрабаванні. Зрэшты, праверана на сабе - усё працуе без асаблівых нараканняў, так што літаральна праз лічаныя дні падняцца на самую высокую кропку комплексу адначасова змогуць 120 чалавек.

Паводле слоў начальніка цэнтра, даўно так не радавала беларусаў устойлівае марознае надвор'е, каб адкрыццё гарналыжнага сезона супадала з афіцыйным прыходам зімы.

І калі пакатацца на лыжах або сноўбордзе змогуць усе ахвотнікі, то пасяліцца ў абноўленай гасцініцы ў канцы снежня атрымаецца далёка не ў кожнага - усе нумары на калядныя і навагоднія святы ўжо забраніраваны.

Сапраўдная завея і ў сталічным мікрараёне Вяснянка. На пляцоўцы ля Футбольнага манежа ўтварыліся вялізныя снежныя гурбы, і зусім хутка гэты белы халодны матэрыял пойдзе на будаўніцтва снежнай трасы.

Штодня гэтыя гарматы вырабляюць 140 грузавікоў снегу. Паводле слоў начальніка лыжаролернай трасы, калі надвор'е дазволіць, то ўжо на наступным тыдні першыя спартсмены абкатаюць свежую лыжню.

Акрамя таго, упершыню на трасе з'явіцца камфартабельны пункт пракату рыштунку і сучасныя раздзявальні. Адкрыць іх плануюць у снежні.