За крок ад другога круга першай Еўра-Афрыканскай групы Кубка Дэвіса

4 февраля 2017

Мужчынская зборная Беларусі выйшла наперад у супрацьстаянні з румынскай камандай. У сённяшнім парным паядынку Максім Мірны і Яраслаў Шыла перайгралі сярэбранага прызёра Алімпіяды ў Рыа Хорыя Тэкау і першую ракетку сапернікаў Марыуcа Копіла.

Тое, што ў Палацы тэніса сёння аншлаг, стала зразумела яшчэ на падыходзе да спарткомплексу. Чэргі на ўваходзе і ніводнага свабоднага месца на трыбунах. Беларуская публіка горача падтрымлівала сваю каманду і суправаджала авацыямі кожны выйграны розыгрыш. Тэнісісты знаходзіліся на корце больш чым тры гадзіны. Прычым у кожным сэце барацьба вялася да апошняга, пра што сведчыць лік. Перамога Мірнага і Шылы на тайбрэйку ў першым сэце 7:6, а ў другім 6:4. Трэцяя партыя, якая таксама завяршылася тайбрэйкам, засталася за нашымі сапернікамі, а вось у чацвёртай беларусы вырвалі перамогу 6:4.

Хто прадоўжыць барацьбу за выхад у сусветную групу, а каму прыйдзецца змагацца за права застацца ў першай, вырашыцца заўтра. У 11 раніцы на корт Палаца тэніса выйдуць лідары каманд - Ілья Івашка і Марыус Копіл, затым сустрэнуцца другія нумары Ягор Герасімаў і Адрыян Унгур. Адзначым, за гадзіну да пачатку матча капітаны каманд яшчэ могуць зрабіць замены.