У Расіі завяршыўся чэмпіянат свету па футболе. Фінальны матч наведаў Аляксандр Лукашэнка

16 июля 2018

Пачнем сённяшнюю праграму з галоўнай футбольнай інтрыгі чатырохгоддзя. Учора адбыўся фінальны паядынак чэмпіянату свету. Францыя сустракалася з сенсацыйнай Харватыяй. Матч абяцаў быць відовішчным і захапляльным. Так, уласна, і атрымалася. Забіта 6 галоў. Выніковы лік на табло - 4:2. Зборная Францыі праз 20 гадоў ізноў выйгравае чэмпіянат свету. Фінал мундыялю сабраў не толькі мільёны простых балельшчыкаў. За самым хвалюючым і захапляльным матчам чэмпіянату з трыбун у "Лужніках" назіралі шматлікія палітыкі - прэзідэнты і кіраўнікі ўрадаў дзясятка дзяржаў. Запрашэнне Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна наведаць гэтае спартыўнае свята прыняў і наш Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Журналісты з не меншай цікавасцю сачылі за нязмушанымі размовамі сусветных лідараў у нефармальнай атмасферы. Такое нячаста ўбачыш, асабліва калі на міжнароднай арэне досыць супярэчнасцяў. Вось ужо праўда: спорт сёння - гэта і палітыка, і вялікая дыпламатыя.

З Масквы рэпартаж нашага карэспандэнта Паўла Капуцкага. Відовішчны, цікавы, захапляльны, дзіўны - ёсць шмат прыметнікаў, прыдатных для апісання вырашальнага матча і ўсяго чэмпіянату свету ў Расіі. На шляху да фіналу харваты прайшлі Данію і Расію ў серыі пенальці, але ў нядзелю каманда Даліча выцягвае не той латарэйны білет. Адважным балканскім футбалістам двойчы не пашанцавала. Аўтагол Манджукіча і 11-метровы, прызначаны пасля відэапаўтору за гульню рукой Пярышыча. Падчас узнагароджання аргенцінскага арбітра па прозвішчы Пітана абсвістаюць трыбуны.

Менавіта Пярышыч і Манджукіч забіваюць французам, але ў тых ёсць Грызман, Погба і Мбапе - адны з самых дарагіх футбалістаў свету. Трансфермаркет ацэньвае гэтую тройку на 310 мільёнаў еўра, хоць з цяперашнімі расцэнкамі сума можа быць большай.

19-гадовы форвард зборнай Францыі Кіліян Мбапе яшчэ перад пачаткам чэмпіянату свету сказаў, што ўсе прызавыя, заробленыя на турніры, адправіць на дабрачыннасць. А гэта немаленькая сума. Каманда-пераможца атрымае 38 мільёнаў долараў. Харватыя як сярэбраны прызёр на дзесяць мільёнаў менш. У Бельгіі трэцяе месца і 24 мільёны.

Падчас уручэння медалёў Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон нават не думае хавацца ад дажджу, а кіраўнік Харватыі Калінда Грабар-Кітаравіч, здаецца, усё прабачае аргенцінскаму суддзі.

За фінальным матчам у "Лужніках" назіралі шматлікія палітыкі - прэзідэнты краін і кіраўнікі ўрадаў. Па запрашэнні Уладзіміра Пуціна закрыццё мундыялю наведаў і беларускі Прэзідэнт.

Чэмпіянат свету - выдатнае месца для сустрэчы сусветных лідараў. Пасля фінальнага матча нефармальныя размовы. У такой цёплай і сяброўскай атмасферы Аляксандр Лукашэнка змог пагаварыць з калегамі: прэзідэнтамі Расіі, Францыі, Харватыі, Малдовы. Лідары размаўлялі і жартавалі. Абмяркоўвалі не толькі фінал, але, напэўна, і іншыя пытанні. Гэта ўжо не проста спорт - вялікая дыпламатыя.

Зборная Францыі бярэ Кубак свету другі раз у гісторыі. Першы быў 20 гадоў таму. Тады цяперашні галоўны трэнер каманды Дыдзье Дэшам гуляў. Футбалісты зрываюць прэс-канферэнцыю і скандзіруюць імя настаўніка.

Дыдзье Дэшам, галоўны трэнер зборнай Францыі па футболе: 

"Мы - чэмпіёны свету, а значыць, зрабілі нешта лепш за іншых. 14 чалавек ніколі не ўдзельнічалі ў чэмпіянатах свету, вельмі маладая зборная, але я ганаруся ёю. Гэта і варта запомніць".

Французскія балельшчыкі выйшлі на вуліцы Парыжа, і ўсё было выдатна, пакуль не пачаліся беспарадкі. Бяспеку гарантавалі больш як сто тысяч паліцэйскіх. Маладыя людзі пачалі біць вітрыны, раскалыхваць і перакульваць аўтамабілі.

У Харватыі паражэнне ўспрынялі спакойна. Чатырохмільённая краіна паказала іншым, што не абавязкова быць вялікімі, каб дамагацца грандыёзных вынікаў. Праз два гады ў 12 гарадах Старога Свету пройдзе чэмпіянат Еўропы. Беларусь таксама ўдзельнічае ў адборы.