У Рыме стартавала эстафета "Полымя міру

5 Мая 2019
Пра спартыўную падзею, якая ўжо, можна сказаць, захапіла інфармацыйную прастору Еўропы. У пятніцу стартавала эстафета "Полымя міру". Першы факел ІІ Еўрапейскіх гульняў запалілі ў Рыме ў музейным комплексе, вядомым на планеце дзякуючы помніку архітэктуры "Алтар міру", узрост якога больш за дзве тысячы гадоў. 

Кіраўнік Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янез Качыянчыч асабіста прымаў удзел ва ўрачыстай цырымоніі. Наогул жа старт эстафеты ў сталіцы Італіі атрымаўся без перабольшання яркім, што цалкам лагічна, бо слоган будучага турніру Bright Year, Bright You ("Яркі год, яркі ты"). 

За кожным этапам эстафеты сочыць наша здымачная група. Шлях факела па Еўропе журналісты Агенцтва тэленавін пройдуць разам з агнём спартыўнага форуму. Пра першыя крокі гістарычнай для Беларусі падзеі - наступны рэпартаж.

Вы верыце ў знакі лёсу? Якім бы адказ ні быў, усё ж не можам не падзяліцца сваім меркаваннем на гэты конт. Адразу пасля перасячэння беларуска-польскай мяжы караван нашай дэлегацыі, якая адправілася ў Рым, сустракае белы бусел. Пагадзіцеся, сімвалічна: картэж эстафеты "Полымя міру" засцерагае сімвал нашай краіны. Таму наш адказ: верым.

Дарога ў Рым была няпростай, але факел ІІ Еўрапейскіх гульняў на шляху ў Вечны горад быў пад надзейнай абаронай. Можа, і супадзенне, але дарога прайшла гладка. Яшчэ больш значнасць будучай падзеі адчулі напярэдадні запальвання агню Гульняў. Музейны комплекс "Ара Пацыс", дзе стартавала эстафета "Полымя міру", здзівіў сваёй маштабнасцю. А Лесік хай і ненадоўга, але адназначна надаў наш беларускі каларыт помніку сусветнай гісторыі.

Тут жа побач з "Алтаром міру" і маўзалей імператара Аўгуста. У гісторыі Рыма зараз  дакладна застаўся след сучаснай незалежнай Беларусі. Аб прыгажосці нашай краіны шмат гаварылі вось на гэтым вечары: на прэзентацыю Беларусі як гаспадыні ІІ Еўрапейскіх гульняў прыйшлі сотні гасцей, уключаючы палітыкаў Італіі, прадстаўнікоў нацыянальных алімпійскіх камітэтаў розных краін, зразумела, кіраўнік ЕАК Янез Качыянчыч выступіў з цёплай прамовай у наш адрас. Не змагла адмовіць у інтэрв'ю, убачыўшы нашу камеру, і  ўнучка Лявона Радзівіла Дзіяна Марыя Радзівіл.

А ўжо на наступны дзень якраз і быў запалены агонь ІІ Еўрапейскіх гульняў: Юлія Несцярэнка стала першым факеланосцам, Улад Ганчароў перадаў агонь Алене Бяловай, а чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка па фехтаванні змясціла сімвал будучых Гульняў у лампаду і перадала байкерам. Юлія Несцярэнка ў вялікім інтэрв'ю ледзь стрымлівала эмоцыі, падкрэсліваючы, якая яна шчаслівая стаць часткай эстафеты "Полымя міру", але ў гэтым дзействе ўтоены куды больш сакральны сэнс, упэўненая алімпійская чэмпіёнка Афінаў.

Каманда байкераў на чале з Яўгенам Бейзакам даставіла агонь Гульняў да падножжа гары Манблан, у мястэчка Курмаёр. Менавіта калона матацыклістаў - з гэтага часу галоўныя дзеючыя асобы эстафеты "Полымя міру", менавіта яны даставяць у Беларусь сімвал ІІ Еўрапейскіх гульняў. Але пакуль невялікі прыпынак на доўгім шляху: байкеры перадалі эстафету альпіністам, каб агонь мультыспартыўнага форуму зірнуў на вяршыню Манблан. Дарэчы, мэр горада Курмаёр паабяцаў прыехаць у Беларусь. Што ж, будзем радыя ўбачыць і Вас у Беларусі, чакаць засталося нядоўга: да старту ІІ Еўрапейскіх гульняў 47 дзён. У панядзелак агонь вернецца да байкераў, наступны прыпынак - сталіца Славеніі Любляна.


Папулярныя

Рэкамендуемыя

Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя