У Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе адбыўся дыпламатычны турнір

16 июня 2018

Актыўна правялі выхадны дзень сёння і прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, змяніўшы строгія касцюмы на спартыўную форму. У Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе вось ужо трэці раз адбыўся дыпламатычны турнір. У спаборніцтвах прынялі ўдзел кіраўнікі і супрацоўнікі дыпмісій, акрэдытаваных у Беларусі, прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў, а таксама іншых органаў дзяржкіравання. Усяго каля 40 удзельнікаў з 9 краін. Нягледзячы на аматарскі фармат, барацьба была напружанай.

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі:

"Тое, што адбываецца зараз на гэтых кортах, яно асацыюецца і з нашым курсам на знешнепалітычнай арэне. Таму што мы прасоўваем і сямейныя каштоўнасці, мы прасоўваем ідэю дыялогу, ідэю кантактаў паміж людзьмі. Такога роду турніры вельмі важныя, таму што яны сапраўды дазваляюць умацаваць кантакты паміж дыпламатычным корпусам, акрэдытаваным тут".

Кезбан Нілвана Дарама, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Турцыі ў Беларусі:

"Гэты турнір стаў добрай традыцыяй. І праходзіць двойчы на год. Такі фармат мерапрыемства дазваляе нам лепш даведацца адзін пра аднаго”.

Пераможцамі ў міксце сталі прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў. А ў мужчынскім парным разрадзе перамогу атрымалі ганаровы консул Кыргызстана ў Беларусі Ігар Чывель разам з сынам.