У Рэспубліканскім гарналыжным цэнтры Сілічы закрылі зімовы сезон

6 апреля 2013

Тысячы аматараў спорту прыехалі пакатацца на лыжах і паглядзець на феерычнае шоу снаўбардыстаў.


 


Аляксей Кандраценка  ўбачыў, як снежная траса ператварылася ў сапраўдны басейн.


У гарналыжным цэнтры Сілічы яблыку няма дзе ўпасці, больш дакладна, лыжную палку няма куды паставіць. На трасе сабраліся аматары класічных лыж.  


Але прыкметна больш закрыццё сезона прыцягнула спартсменаў-фрыкаў. Размінацца пачалі ля сцэны, прадоўжылі ўжо на схіле. Галоўная ўмова: наяўнасць снаўборда або лыж і як мага больш яркага і авангарднага касцюма. Атрымаўся зімовы спартыўны карнавал. Задача яго ўдзельнікаў, а іх каля 70, разагнацца са схіла і скокнуць у басейн. На радасць журы і гледачам.


На лыжна-водную дыстанцыю выйшлі не толькі хлопцы, але і дзяўчаты.


Ацэньваецца даўжыня і прыгажосць скачка, а таксама эфектнае падзенне. Арганізатары ўлічылі і меры бяспекі.


(Керым Керымаў, арганізатар спартыўна-святочнага шоу: Сёлета наш басейн 18 метраў у даўжыню і 9 у шырыню, за кошт гэтага спартсмены гарантавана прызямляюцца ў ваду. Гэта бяспечна.)


Адным словам,  для многіх беларусаў сёння ўвасобілася даўняя мара  мець адкрыты басейн у цэнтры горада круглы год.


На гэтым зімовы сезон у Сілічах сканчаецца, але не зусім. Пакатацца на лыжах тут, дзякуючы надвор'ю, можна будзе яшчэ як мінімум тыдзень.