У Раўбічах адбыўся фінальны этап Кубка Федэрацыі

3 марта 2019

Раўбічы ў выхадныя прымалі чарговы старт. Услед за чэмпіянатам Еўропы ў спарткомплексе адбыўся фінальны этап Кубка Федэрацыі. Турнір праходзіць па аналогіі з Кубкам свету, таму прыхільнікаў біятлона спаборніцтвы таксама не пакінулі абыякавымі.

Як і журналістаў, у прыватнасці, тэлевізіёншчыкаў. Перасоўныя тэлевізійныя станцыі спецыяльна прапісаліся ля галоўнай біятлоннай трасы краіны, каб гэтыя гонкі гледачы таксама ўбачылі ў прамым эфіры Белтэлерадыёкампаніі.

Цырымонія ўзнагароджання, прамая трансляцыя, флэш-інтэрв'ю - гэты турнір ужо з юнага ўзросту рыхтуе атлета да ўмоў рэальнага этапу Кубка свету. Як запальваюцца спартыўныя зоркі, раскажа Ганна Эйсмант.

4-ты этап Кубка Федэрацыі паставіў яркую кропку ў чарзе буйных біятлонных спаборніцтваў, якія праводзяцца ў гэтым сезоне ў Раўбічах. Заключны дзень заключнага этапу прайшоў у захапляльных эстафетных гонках.

Наймацнейшыя юныя біятланісты краіны змагаліся за п'едэстал у пяці ўзроставых групах. Кубку Федэрацыі ўжо два гады, і за гэты невялікі перыяд многія з маладых спартсменаў робяць значныя поспехі ў сваіх выніках, а галоўнае, яны ўжо правільна наладжваюцца на барацьбу і разумеюць псіхалогію перамогі.

І хай гэта дзіцячыя спаборніцтвы, усё тут па-даросламу - усё створана па аналогіі з Кубкам свету, ды і ЧЕ, які нядаўна прайшоў тут жа, даў адчуць высокі ўзровень арганізацыі, і дзеці ахвотна праводзяць аналогіі са сваімі спаборніцтвамі.

Сапраўды, увага да юных спартсменаў не толькі з боку Федэрацыі біятлона, балельшчыкаў, але і Белтэлерадыёкампаніі. Два спаборніцкія дні 4-га этапу ў прамым эфіры паказваў тэлеканал Б5! Аляксандр Казюкевіч, на рахунку якога эфіры самых прэстыжных спаборніцтваў свету, каменціруе дзіцячыя спаборніцтвы ўпершыню, але эмоцый ад гэтага не менш.

Шматлікія спецыялісты зыходзяцца на думцы, што калі б падобныя спаборніцтвы на такім узроўні праводзіліся яшчэ гадоў 10 таму, то зараз, магчыма, не было б той часовай праблемы з рэзервам у нацыянальнай камандзе. Але галоўнае, што зараз Кубак Федэрацыі разам са "Снежным снайперам" працуюць на карысць нашага біятлона, працуюць над рэзервам зборнай, а значыць, вынікі абавязкова будуць. Пакуль жа пераможцы Кубка Федэрацыі атрымліваюць заслужаныя ўзнагароды і галоўны прыз: лепшыя спартсмены, якія занялі 1-2 месцы ў сваёй узроставай групе, адправяцца на лыжны горны збор у Аўстрыі.

Агульны залік па выніках пяці этапаў Кубка Федэрацыі выйгралі спартсмены з Віцебскай вобласці. Другое месца заняла Мінская вобласць, трэцяе - каманда Мінска.