У Раўбічах сёння стартуе чэмпіянат свету па летнім біятлоне

23 августа 2019

Захапляльныя гонкі, уручэнне Малога хрустальнага глобуса Дар'і Домрачавай і гадзіны прамых трансляцый на "Беларусь 5". У Раўбічах сёння стартуе другі ў гісторыі Беларусі чэмпіянат свету па летнім біятлоне. Першы быў 20 гадоў таму. Параўноўваць яго з зімовым чэмпіянатам або нават этапам Кубка свету некарэктна. Гэта, хутчэй, падрыхтоўчыя старты да асноўнага сезона.

Але Павел Капуцкі разабраўся, чаму аматарам біятлона ўсё ж варта звярнуць увагу на гэтыя спаборніцтвы. Перад пачаткам летняга чэмпіянату свету адзін з інтэрнэт-парталаў апублікаваў спіс з пяці галоўных зорак, якія прыехалі ў Раўбічы. Аказалася там і чэмпіёнка Пхёнчхана ў эстафеце Ірына Крыўко. Але першай на трасу выйдзе не яна. Спачатку барацьбу пачнуць юніёры. Першая кваліфікацыйная гонка стартуе ў 11 раніцы.

Рэпетыцыя цырымоніі адкрыцця. Яна пачнецца ў дзевяць раніцы. Па праграме ў спартсменаў у першай палове дня кваліфікацыя, у другой - фіналы суперспрынту. А арыенціровачна ў 14 гадзін Дар'я Домрачава атрымае Малы хрустальны глобус у праследаванні за сезон 2015 года. Трафей пераходзіць беларусцы ад фінкі Кайсы Макарайнен па выніках пералічэння ачкоў пасля дыскваліфікацыі расіянкі Кацярыны Глазырынай, якая ўжо вярнулася ў спорт і будзе ўдзельнічаць у нашым чэмпіянаце. Зборная Беларусі напярэдадні прыехала са збору ў італьянскім Антхольцы і прапусціла афіцыйную трэніроўку.

Дзве з паловай сотні спартсменаў з 26 краін. Хоць сусветныя лідары ў Беларусь не прыехалі, канкурэнцыя будзе годнай. Хоць бы з-за прызавых. Яны такія ж, як на Кубку IBU. Грошы атрымае першая шасцёрка. Перамога ацэньваецца ў тры тысячы, шостае месца - 800 еўра. Прамыя трансляцыі з чэмпіянату свету па летнім біятлоне на "Беларусь 5". Патрапіць на свята летняга біятлона лёгка. З дзевяці раніцы са станцыі метро "Барысаўскі тракт" будзе хадзіць экспрэс-аўтобус нумар 449. Ён давязе да Раўбіч.