У Раўбічах працягваецца чэмпіянат Еўропы па біятлоне. Сёння мужчынскі і жаночы спрынт

23 февраля 2019

У Раўбічах сёння праходзіць этап Кубка свету па фрыстайле ў лыжнай акрабатыцы

Самы спартыўны дзень адыходзячай зімы. Акрамя дзвюх біятлонных гонак, у Раўбічах сёння праходзіць этап Кубка свету па фрыстайле ў лыжнай акрабатыцы. Паспяховая для нас дысцыпліна рэгулярна прыносіць Беларусі алімпійскія медалі. Але пакуль фокус на страляючых лыжніках.

У Раўбічах знаходзіцца наш карэспандэнт Павел Капуцкі (прамое ўключэнне).

Мароз вярнуўся, але біятланістам зараз не холадна. У разгары мужчынская спрынтарская гонка. За Беларусь бягуць шэсць спартсменаў, у тым ліку прызёры змяшанай эстафеты Раман Ялётнаў і Сяргей Бачарнікаў.

Вынікі гонкі мы паведамім у выпуску на 15 гадзін. Прамую трансляцыю адсюль вядзе самы спартыўны канал краіны - "Беларусь 5". Пакуль з двума бронзавымі медалямі наша краіна на сёмым месцы ў медальным заліку чэмпіянату Еўропы. Па колькасці ўзнагарод мы дзелім першае месца са Швецыяй і Нарвегіяй.

Менш чым праз дзве гадзіны (у 14:00) стартуе жаночая спрынтарская гонка. Другі стартавы нумар у Дынары Алімбекавай, дваццаць другі - у лідара каманды Ірыны Крыўко. А ўжо ў 14:25 побач пачнецца кваліфікацыя этапа Кубка свету па фрыстайле. Тут разлічваем на Антона Кушніра і Аляксандру Раманоўскую.

Нагадаем, прамую трансляцыю са спарткомплексу "Раўбічы" вядзе "Беларусь 5".