У Раўбічах на чэмпіянаце Еўропы па біятлоне адбыліся спрынтарскія гонкі

23 февраля 2019

Да спарткомплексу ў Раўбічах гэтымі днямі прыкавана ўвага тысяч прыхільнікаў спорту з усяго свету. Акрамя нашага медальнага фрыстайла там сёння прайшоў самы імклівы этап чэмпіянату Еўропы па біятлоне - спрынт. Пераможцам сярод мужчын стаў нарвежац Тар’ей Бё. Лепшым з беларусаў аказаўся Сяргей Бачарнікаў - пятая пазіцыя і ўсяго 44 секунды адставання ад лідара. У дзяўчат самай нястрымнай стала шведка Мона Брорсан. Першая з беларусак - Ірына Крыўко - на адзінаццатай пазіцыі. Пры гэтым беларуская каманда адабралася на заўтрашні пасьют у поўным складзе. Жадаем ёй поспеху! Імгненна праляцелі не толькі сённяшнія гонкі, але і ўвесь чэмпіянат, асабліва для балельшчыкаў, якія запаўняюць не толькі трыбуны open air арэны, але і падтрымліваюць спартсменаў на віражах трасы. Менавіта фанаты ствараюць віхуру спартыўных эмоцый вакол чэмпіянату Еўропы. Пра аб'яднаўчую сілу спорту Ян Пашкевіч. 

Бязмежны фанацкі рух на трыбунах у Раўбічах выйшаў і за межы звычайнай падтрымкі, многія вырашылі дадаць спецэфекты фармату hand made. 

Самы ж папулярны від падтрымкі ў біятлоне выходзіць далёка за межы трыбун.

Самыя галоўныя падзеі адбываюцца менавіта там, на трасе. Тут ужо хваляванне за спартсменаў перарастае ў фанацкую эпідэмію.

Правілы спартыўнага арыентавання ў лесе простыя: па шуме адразу можна знайсці месцы падзарадкі біятланістаў, дзе на пад’ём снежны падштурхоўвае пад’ём эмацыйны. 

У асноўным балельшчыкі збіраюцца вось на такіх схілах, тут якраз можна падштурхнуць спартсменаў сваёй падтрымкай.

Пасля фінішу хуткасць многіх біятланістаў рэзка падае, прайсці міма захопленых балельшчыкаў удавалася нямногім.

Спаборніцтвы не заканчваюцца нават пасля гонкі. Зараз ужо наш біятланіст Сяргей Бачарнікаў спаборнічае з расійскім спартсменам - хто раздасць больш аўтографаў і зробіць больш фота з балельшчыкамі.

Заўтра вялікі біятлонны фестываль у Раўбічах завершыцца гонкамі праследавання. У пасьют адабралася беларуская каманда ў поўным складзе. І змагацца яны будуць дзеля тысяч балельшчыкаў, заваяваць любоў якіх ужо і ёсць перамога.