Літаральна гадзіну таму адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця Алімпійскіх гульняў. Гэта значыць, што ўсе мы павінны быць у алімпійскай форме - як у прамым, так і ў пераносным сэнсе.
За чароўным і тэхнічна перадавым дзействам назіралі мільёны чалавек па ўсім свеце. Перад гледачамі прайшлі ўсе 92 зборныя. Адкрывала парад Грэцыя, а завяршала аб'яднаная каманда Карэі. Упершыню флагі краін неслі выключна спартсмены. У зборнай Беларусі сцяганосцам стала алімпійская чэмпіёнка Ала Цупер. Запаліла алімпійскі агонь фігурыстка Кім Ён А.
Цырымонія адкрыцця прайшла на адкрытым часовым стадыёне. Пасля завяршэння Гульняў яго разбяруць.