Першы спаборніцкі дзень на Алімпіядзе ў Пхёнчхане для беларускіх спартсменаў у мінулым. Нашы алімпійцы выступалі ў чатырох відах спорту, але асаблівыя надзеі былі звязаныя з біятлоннай жаночай спрынтарскай гонкай. Тым часам першую трэніроўку на алімпійскім схіле правялі беларускія фрыстайлісты.
Расказвае Ганна Эйсмант.
У першую алімпійскую суботу беларускія балельшчыкі з асаблівай цікавасцю назіралі за трансляцыямі спаборніцтваў па шорт-трэку, скіятлоне, у канькабежным спорце і, вядома, у біятлоне. І хварэлі за нашых дзяўчат у спрынце не толькі ў Беларусі, але і тут, у далёкім Пхёнчхане.
Беларускія флагі на трыбунах маральна дапамагалі, але ўсе карты зблытаў моцны парывісты вецер - два промахі каштавалі медаля Дар'і Домрачавай. А па хуткасці Даша сёння была трэцяй.
Гэтая гонка як дэжавю - чатыры гады таму Дар'я таксама ў спрынце стала 9-й, а далей мы ўсе добра памятаем, як усё было.
Дэбютант Алімпійскіх гульняў Ірына Крыўко нават пры такім ветры дапусціла ўсяго адзін промах, але ў выніку толькі 17 месца.
Не справілася з ветрам бронзавы прызёр Сочы Надзея Скардзіна - 3 промахі і 36 месца.
52-й фінішавала Надзея Пісарава. Сёння сваю першую гонку ў Пхёнчхане правядуць мужчыны.
Ганна Гуськова падышла да Алімпіяды ў статусе другога нумара па выніках Кубка свету. І, вядома, з'яўляецца адной з фаварытак Алімпіяды. Зрэшты, прызнаецца, што пакуль мандражу не адчувае і рыхтуецца як да звычайнага старту.
Калі для Ганны Гуськовай трамплін і стадыён Пхёнчхана ўжо знаёмы (год таму тут праходзілі спаборніцтвы), то для алімпійскай чэмпіёнкі Алы Цупер тут усё ў навінку. З непрыемных сюрпрызаў - моцны вецер, які ўносіць свае карэктывы ў трэніровачны працэс. Але ў цэлым усё ў парадку
Спаборніцтвы ў дзяўчат пачнуцца 15 лютага, а пакуль, нагадаю, суботнія вынікі ў іншых відах спорту. У шорт-трэку Максім Сяргееў не выйшаў у паўфінал, у лыжных гонках, скіятлон, Юлія Ціханава 42-я, Паліна Сераносава - 46-я, канькабежка Марына Зуева фінішавала 11-й на дыстанцыі 3 тысячы метраў.