У першы дзень фінальных заездаў золата і бронзу прынеслі весляры

26 июня 2019

Два медалі ў скарбонку зборнай Беларусі. У першы дзень фінальных заездаў золата і бронзу прынеслі весляры.

Сёння ў Заслаўі разыгрывалі 5 камплектаў узнагарод. Беларускі гімн гучаў на цырымоніі ўзнагароджання: байдаркі-двойкі - дыстанцыя 500 метраў. У гэтым фінале роўных не было гаспадыням. Гэта  Марына Літвінчук і Вольга Худзенка. Беларускі дуэт з першых метраў дыстанцыі ўзяў высокі тэмп і выйшаў у лідары. Да самога фінішу дзяўчаты толькі дадавалі. І святкаваць поспех пачалі яшчэ на пад'ездзе да фінішнай стужкі. Больш чым упэўненая перамога. 

На трэцюю прыступку п'едэстала падняўся Алег Юрэня. У вырашальным заездзе байдарак-адзіночак на тысячу метраў. Крыху больш за секунду раздзялілі бронзавага прызёра з лідарам  Балінта Копасам з Венгрыі.

А заўтра дзень, які нельга прапусціць балельшчыкам беларускага веславання. У Заслаўі разыграюць яшчэ 11 камплектаў узнагарод. Гаспадары прабіліся ў фіналы ва ўсіх прапанаваных дысцыплінах.