Аляксандры Сасновіч не атрымалася выйсці ў 1/4 фіналу Уімблдона. Выбіла яе латышская тэнісістка Алена Астапенка. Тым не менш, нашу Аляксандру можна павіншаваць, бо раней у сваёй кар'еры Сасновіч да стадыі 1/8-й не дабіралася. І на старце чэмпіянату Аляксандра перамагла Квітаву, Таўнсенд і Гаўрылаву. Нават сённяшні матч для беларускі пачаўся ўдала, яна вяла па геймах у першым сэце - 3:0 і 5:2.
Аднак утрымаць гэтай перавагі Сасновіч не змагла. Алена Астапенка пад заслону першага сэта перастала памыляцца на сваёй падачы. Аляксандра пасля паражэння ў першай партыі - у другой не змагла паказаць такую ж гульню, як на старце паядынку. Вынік матча - 6:7, 0:6.
У абноўленым рэйтынгу Аляксандра Сасновіч паднімецца на 10 радкоў і стане 40-й ракеткай свету.













