У Наваполацку стартаваў трэці этап Кубка Беларускай федэрацыі біятлона

12 января 2019

Пачнём са спартыўнай тэмы. Магчыма менавіта сёння мы даведаемся нашых будучых алімпійскіх чэмпіёнаў у біятлоне. Кузняй перспектыўных кадраў для нацыянальнай дружыны з'яўляецца Віцебшчына. Менавіта адсюль свой алімпійскі старт узяла наша Ірына Крыўко. У Наваполацку стартаваў трэці этап Кубка Беларускай федэрацыі біятлона. Ён праходзіць на базе вучылішча алімпійскага рэзерву. Дарэчы, тут размешчана адна з самых складаных у Беларусі юніёрскіх трас. Для ўдзелу прыехалі біятланісты з усіх рэгіёнаў Беларусі. Спаборніцкая праграма разлічаная на два дні.

За самымі відовішчнымі гонкамі - з масавым стартам - назірала Вольга Маслоўская.

Ужо на падыходзе да стрэльбішча становіцца зразумела: ты трапіў на вялікае свята спорту. Вялізны мультымедыйны экран з анлайн-трансляцыяй гонак (яго, дарэчы, спецыяльна прывезлі з Раубіч), музыка, завадныя вядучыя і шумныя балельшчыкі. На Кубку Беларускай федэрацыі біятлона ўсё так, як на самых прэстыжных стартах.

Кубак Беларускай федэрацыі біятлона ўпершыню прайшоў у мінулым сезоне і складаўся з чатырох этапаў. Сёлета на адзін этап больш. Тры з іх пройдуць на гэтай трасе. Трэба сказаць, што новапалачане вельмі чакаюць гэтых спаборніцтваў. Ад Наваполацкага вучылішча алімпійскага рэзерву выступае асобная каманда, але аднолькава гучна тут падтрымліваюць абсалютна ўсіх спартсменаў.

Этап праходзіць у двухдзённым фармаце. Сёння ў праграме самыя відовішчныя гонкі - з масавым стартам. Першая - у 9:50. І каб падрыхтаваць трасу да гэтага часу, арганізатарам прыйшлося ўжо а палове на шостую раніцы заводзіць снегаўборачную тэхніку. Ноч не пашкадавала снегу.

Добры ход па лыжні адзначалі і ўдзельнікі спаборніцтваў. Нават з трыма промахамі прадстаўнік Мінскай вобласці Аляксей Грабеннікаў дабег да п'едэстала. На гэтай жа дыстанцыі на папярэднім этапе быў трэцім. Сёння - вікторыя!

Для многіх маладых спартсменаў гэты этап - апошняя магчымасць адабрацца на юніёрскае сусветнае першынство. Спаборніцтвы пройдуць у Славакіі. Тыя біятланісты, якія гэта права ўжо заваявалі, берагуць сябе да галоўнага старту сезона.

Але азарту на наваполацкай лыжні гэта не зменшыла. Захаваць усё самае цікавае імкнулася вядомая беларуская біятланістка Вольга Назарава. Сёння яна ў журналісцкім біпе і з фотакамерай у руках.

Заўтра балельшчыкаў зноў чакаюць на лыжні. У праграме - змяшаныя эстафеты. Гледачам абяцаюць добры настрой, гарачы чай і непадробныя эмоцыі ад спартыўных перамог.