У Нацыянальным алімпійскім камітэце ўручылі імянныя стыпендыі Прэзідэнцкага спартыўнага клуба

16 декабря 2015

Гэтая цырымонія стала юбілейнай - дзясятай. Кожны трэці больш чым з двухсот чалавек стаў лаўрэатам акцыі не ўпершыню. Акрамя спартсменаў, стыпендыяй заахвочаныя і маладыя трэнеры. Рэпартаж Паўла Капуцкага.

Люты гэтага года. Дынара Алімбекава, Ганна Сола і Дар'я Блашко бяруць золата юніёрскага чэмпіянату свету ў Раўбічах. Іх завуць будучыняй нашага біятлона. Усе тры спартсменкі ў выніку сталі ўдзельніцамі праекта.

Праўда, прыехаць у НАК па сертыфікаты не змаглі. Зімовы сезон у разгары. А вось срэбны прызёр Еўрапейскіх гульняў у Баку плывец Мікіта Цмыг змог.

Дадатковыя грошы ён выдаткуе, у тым ліку, на ежу. Каб стаць, як Майкл Фелпс, есці трэба шмат і карысна.

Антон Сачыловіч на юніёрскім чэмпіянаце свету па дзюдо ў Босніі і Герцагавіне выйграў срэбра. Частку стыпендыі ён будзе адпраўляць у родныя Мікашэвічы.

Памер стыпендыі залежыць ад віду спорту, узроўню спаборніцтваў і занятага спартсменам месца. Для большасці юных спартсменаў гэта асноўны від заробку. Сярэдні памер стыпендыі - амаль пяць мільёнаў, а максімальны больш за дванаццаць.

Дзмітрый Лукашэнка, старшыня Прэзідэнцкага спартыўнага клуба: "Дакажыце сабе і нам, што немагчымае магчыма. Дамажыцеся сваіх пастаўленых мэт, пабіце рэкорды і заваюйце свае жаданыя вяршыні! І памятайце, што ў вас вераць. На вас спадзяюцца, вас падтрымліваюць".

У Беларусі ёсць піраміда падрыхтоўкі спартсменаў. Першае і вельмі важнае звяно - дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы. Іх у краіне амаль чатыры сотні. Далей 11 вучылішчаў алімпійскага рэзерву, 34 цэнтры алімпійскага рэзерву і 16 цэнтраў алімпійскай падрыхтоўкі. Гэта і ёсць трамплін на шляху да самых прэстыжных узнагарод.

Максім Рыжанкоў, памочнік Прэзідэнта па пытаннях фізкультуры, спорту і развіцця турызму: "Мы павінны выхоўваць у нашых маладых спартсменах здаровы патрыятызм і матывацыю лідара, матывацыю паспяховага спартсмена. Можна быць у сто раз мацнейшым, валодаць тэхналогіямі, але не мець волі да перамогі, і не будзе выніку".

Больш як 200 спартсменаў і трэнераў атрымалі не толькі фінансавую дапамогу. Гэта яшчэ і маральная падтрымка. Галоўнае зараз удала ступіць з юніёрскага спорту ў дарослы. Шматлікія з былых стыпендыятаў здолелі.