У Нацыянальным алімпійскім камітэце падвялі вынікі сезона

18 декабря 2017

У адыходзячым годзе менавіта тэніс падарыў беларускім балельшчыкам найбольш моцныя і прыемныя эмоцыі. Мужчынская зборная Беларусі спынілася па збегу акалічнасцяў за крок ад Сусветнай групы Кубка Дэвіса. А вось жаночая ў гэтай жа элітнай групе Кубка Федэрацыі здзейсніла самую галоўную сенсацыю.

Сёння ў Нацыянальным алімпійскім камітэце ўпершыню ў такім фармаце падвялі вынікі сезона. Цырымонія атрымалася такой жа яркай і кранальнай, як і гульня на кортах на працягу 2017 года. Андрэй Казлоў успамінае самыя прыкметныя тэнісныя моманты.

Гэта быў дзень, калі кожны можа ўспомніць і зараз, дзе ён знаходзіўся 11 і 12 лістапада. Варыянтаў тры: гэта альбо "Чыжоўка-Арэна", альбо каля тэлеэкрана, альбо проста хтосьці пастаянна цікавіўся вынікам фіналу Кубка Федэрацыі.

Так, мы тады саступілі, але ніхто нават у сусветнай тэніснай супольнасці не назваў вынік зборнай Беларусі паражэннем. За бліскучай гульнёй Арыны Сабаленкі і Аляксандры Сасновіч тады, без перабольшання, сачыла ўся краіна.

Праз месяц - вынікі фантастычнага сезона. Тут вы бачыце, што нашы тэнісісткі не проста вялікія майстры тэніса, але і вельмі яркія прыгажуні.

Арына Сабаленка, 73-я ракетка свету, Беларусь:

"Натуральна, хочацца выступаць на топавым узроўні, хочацца расці і не спыняцца на дасягнутым. Самая мая вялікая мэта - з кожным днём станавіцца ўсё лепшай і лепшай".

Арына Сабаленка, якая здзейсніла выбітны прагрэс, трапіла ў топ-100 і нават перамагла на турніры серыі WTA, прызнаная лепшай тэнісісткай краіны. Вера Лапко адзначана ўзнагародай "Прарыў года", Аляксандра Сасновіч - "Характар года", Ігар Светлакоў, яе асабісты настаўнік, - "Трэнер года". Эдуард Дуброў - "Капітан года". І, нарэшце, жаночая зборная Беларусі чакана становіцца лепшай камандай 2017 года.

У мужчынскім тэнісе ўзнагарод трохі менш, бо ў плэй-оф за выхад у элітную групу Кубка Дэвіса крыху не хапіла. Аднак лідары каманды Ягор Герасімаў і Ілья Івашка вырашальныя гульні прапусцілі праз траўмы. Аднак Герасімаў стаў лепшым тэнісістам, Уладзімір Валчкоў - трэнерам-настаўнікам года. А Андрэй Васілеўскі - лепшы гулец парнага разраду.

Уладзімір Валчкоў, капітан мужчынскай зборнай Беларусі па тэнісе:

"Нейкія перамогі маглі тады здацца радавымі. Але сёння для таго, каб стаць нагамі на зямлю і зразумець узровень каманд, з якімі гулялі і якіх абгулялі, мы зараз паедзем у Аўстрыю, дзе будуць гуляць Цім і Мельцэр. Таму трэба назапасіцца цярпеннем".

Тое, што пасля такога сезона адбудзецца тэнісны бум, не выклікае пытанняў. Пасля і самой гульні, і, што важна, арганізацыі шматлікія дзверы для беларускага тэніса будуць адчыненыя.

Першы крок на шляху да фіналу Кубка Федэрацыі - 2018, а пасля такога года ўсе будуць чакаць як мінімум паўтору, а саперніцы на нашых дзяўчат настройвацца па-асабліваму, адбудзецца 10 і і 11 лютага ў Мінску. Да нас у госці для гульні ў першым раўндзе Сусветнай групы прыедзе вельмі няпростая каманда - зборная Германіі.

Акрамя таго, з высокай доляй верагоднасці Вікторыя Азаранка, алімпійская чэмпіёнка Лондана, узмацніць нацыянальную каманду ў лютым. Ужо вядома, што ад арганізатараў першага ў сезоне турніру Вялікага шлема "Аўстраліян Оўпэн" яна атрымала вайлд-кард. Зіма ў вялікім тэнісе будзе гарачай.