У Маскве стартуе этап Кубка свету па фрыстайле

16 февраля 2019

Падвойныя і патройныя сальта, вінты, перавароты - сёння ў Маскве стартуе этап Кубка свету па фрыстайле. У дысцыпліне "лыжная акрабатыка" спаборнічаюць лепшыя фрыстайлісты з 10 краін свету. Якія зоркі прадстаўляюць зборную Беларусі? І ці спадабалася ім новая траса на Вараб'ёвых горах? Дар'я Белавусава-Пятроўская назірала за трэніроўкай нашай каманды. 

Этап Кубка свету па фрыстайле Масква прымае ўжо дзявяты раз. Спаборнічаюць больш як 70 наймацнейшых акрабатаў-лыжнікаў, іх яшчэ называюць лятаючыя акрабаты, з 10 краін свету. Гэта Аўстралія, ЗША, Канада, Кітай, Японія, Швейцарыя, Германія, Казахстан, Расія і Беларусь. 

Нашу краіну прадстаўляюць 4 спартсмены. Сярод іх алімпійскі чэмпіён 2014 года і пераможца Кубка свету 2009/2010 гадоў Антон Кушнір, чэмпіён свету сярод юніёраў Дзмітрый Мазуркевіч і чэмпіёнка свету гэтага года Аляксандра Раманоўская. 

Лыжная акрабатыка - адна з самых маляўнічых і складаных дысцыплін фрыстайла. Для скачка спартсмен павінен усё дакладна разлічыць: хуткасць, стан снегу і кірунак ветру. Бо пры выкананні патройнага сальта ён адштурхваецца з хуткасцю каля 70 км/г. 

Спаборніцтвы праходзяць у самым маляўнічым месцы Масквы - на Вараб'ёвых гарах. Для таго, каб зрабіць трасу даўжэйшай, на схіле ўстанавілі стартавую разгонную эстакаду, штучна нарасціўшы яго на 30 метраў уверх. 

У фінал выйдуць толькі 12 наймацнейшых фрыстайлістаў - 6 жанчын і 6 мужчын. Менавіта яны будуць змагацца за прызавыя месцы этапа Кубка свету па фрыстайле.