У Магілёве адкрыўся сезон конных спаборніцтваў

1 апреля 2014
Там прайшоў рэспубліканскі турнір сярод юніёраў. Гэта адзіны від спорту, дзе адначасова нароўні спаборнічаюць і жанчыны, і мужчыны. На старце сезона пабываў наш карэспандэнт.

Расказвае Уладзімір Сёмкін.

Двухгадовае жарабя Пепсі ў спаборніцтвах пакуль не ўдзельнічае. Малое яшчэ. Але вось трукі, якія жывёліна выконвае, старэйшым таварышам не пад сілу.

У турніры ўзялі ўдзел больш за 70 пар. Самых юных спартсменаў пасадзілі на самых заслужаных коней. А вось масцітым коннікам даручылі маладых і нявопытных жывёл і тым самым толькі дадалі відовішчнасці спаборніцтвам.

На адкрыццё сезона ў Магілёў з'ехаліся спартсмены з усёй Беларусі. Бо гэта магчымасць не проста набрацца вопыту, але і заявіць аб сабе, каб прыняць удзел у спаборніцтвах больш высокага ўзроўню.

Ад маладых спартсменаў да ўжо заслужаных майстроў коннага спорту. Нягледзячы на тое што гэта першынство юніёраў па канкуры, рамкі турніру вырашылі пашырыць.

Па выніках трохдзённых спаборніцтваў пераможцам стала каманда Гродзенскай вобласці. Серабро ў гаспадароў турніру. Тройку прызёраў замкнулі спартсмены Мінскай вобласці.