У Мірскім замку прэзентавалі медалі ІІ Еўрапейскіх гульняў

26 мая 2019

Яшчэ адна стыхія - агонь. Той выпадак, калі полымя і мір сумяшчальныя. Адна з галоўных спартыўных падзей гэтага тыдня прайшла ў Мірскім замку. Менавіта ў Партрэтнай зале гэтага архітэктурнага комплексу прэзентавалі медалі ІІ Еўрапейскіх гульняў.

Нараўне з запальваннем агню мультыспартыўнага форуму гэта цэнтральная падзея перад спаборніцтвамі. Усяго выраблена 1084 узнагароды: 329 залатых, столькі ж сярэбраных і 426 бронзавых. Форма - класічны круг, унутры -  прамяністы элемент з невыразнымі абрысамі. 

Паводле ідэі распрацоўшчыкаў менавіта так выглядае сонца яркім летнім днём, што нагадвае нам пра час правядзення Гульняў. Дыяметр медаля - 9,5 сантыметра, вага - 540 грамаў, таўшчыня - адзін сантыметр. Працэс вытворчасці аднаго медаля займае каля 20 гадзін. Корпус медалёў  выкананы са спецыяльнага сплаву - тампаку.  Пры іх вырабе выкарыстоўваліся каштоўныя металы: 24-каратнае золата і серабро 999-й пробы.