У Мінскай гарадской ратушы праходзіць жараб'ёўка фінальнага матча Кубка Федэрацыі

10 ноября 2017

Самая галоўная навіна ў жаночым сусветным тэнісе. У гэтыя хвіліны ў гарадской ратушы пачынаецца жараб'ёўка фінальнага матча Кубка Федэрацыі Беларусь - ЗША. Прамую трансляцыю цырымоніі вядзе тэлеканал "Беларусь 5". На месцы падзей працуе здымачная група Агенцтва тэленавін. На прамую сувязь са студыяй выходзіць наш карэспандэнт Андрэй Казлоў (прамое ўключэнне).

Жараб'ёўка пачалася пару хвілін таму. Але вялікая верагоднасць, што вось-вось і завершыцца. За 10 хвілін да яе пачатку ў ратушу прыбылі зборныя Беларусі і ЗША. А мы працуем тут ужо з 10 гадзін. Усяго ж, як нам паведамілі ў аргкамітэце, акрэдытавана 120 прадстаўнікоў прэсы.

Гэта не толькі СМІ Беларусі і ЗША, але і Польшчы, Расіі, Турцыі. Галоўны трафей Кубка Федэрацыі быў выстаўлены тут жа, ля ўваходу ў ратушу. На працягу трох гадзін можна было атрымаць запаветны здымак. Трафей, адзначым, цяжкі - вага яго каля 15 кілаграмаў, пакрыты серабром. І выгравіраваныя на ім імёны ўсіх 54 пераможцаў турніру. Мы паспелі пагутарыць з аргкамітэтам - вось самыя свежыя каментарыі.

Капітан зборнай Беларусі Эдуард Дуброў разлічвае на Арыну Сабаленку, Аляксандру Сасновіч, Веру Лапко, Лідзію Марозаву. У заяўцы ў ЗША Кока Вандэвеге, Слоан Стывенс, Шэлбі Роджэрс і Элісан Рыске. Нашы дзяўчаты гатовыя да любога выніку жараб'ёўкі.

Вынікі жараб'ёўкі, а таксама першыя каментарыі аб выніках цырымоніі ў выпуску навін на 13 гадзін.